/ / Новости PRAVO.BY
29.09.2016

Традыцыйная дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» распачнецца 9 снежня

Навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» пройдзе з 9 снежня 2016 г. па 8 студзеня 2017 г. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 верасня 2016 г. № 770.

Падчас ужо традыцыйнай акцыі кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў наведаюць дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы, апякунскія і прыёмныя сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзіцячыя бальніцы. Яны павіншуюць дзяцей з Новым годам, Нараджэннем Хрыстовым, уручаць падарункі і акажуць дапамогу ў вырашэнні існуючых праблем. Да акцыі могуць далучыцца таксама грамадскія аб’яднанні і іншыя арганізацыі.

У рамках акцыі «Нашы дзеці» штогод ладзіцца навагодняе свята ў Палацы Рэспублікі. Сёлета яно адбудзецца 23 снежня. На навагодняе свята збяруцца дзеці не толькі з усіх абласцей і сталіцы, але таксама з Латвіі (навучэнцы Рыжскай беларускай школы) і Літвы (навучэнцы Беларускай сярэдняй школы імя Францыска Скарыны г.Вільнюса). Плануецца, што ўдзел у свяце прымуць больш за 2 тысячы дзяцей.

Дабрачынныя навагоднія святы з удзелам кіраўніцтва аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама адбудуцца ў кожным абласным цэнтры і Мінску з 26 па 30 снежня 2016 г. Падчас школьных канікулаў яны пройдуць таксама ва ўсіх гарадах і раёнах краіны.

Пры выкарыстанні матэрыяла спасылка на Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь абавязковая!
(фота – БЕЛТА)