/ / Новости PRAVO.BY
25.07.2016

Кодэкс аб культуры падпісаў сёння Прэзідэнт

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 25 ліпеня 2016 г. падпісаў Кодэкс аб культуры, які прыняты Палатай прадстаўнікоў і Саветам Рэспублікі падчас вясновай парламенцкай сесіі.

Кодэкс заснаваны на нормах актуальных законаў «Аб культуры ў Рэспублiцы Беларусь», «Аб бiблiятэчнай справе ў Рэспублiцы Беларусь», «Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспублiцы Беларусь», «Аб творчых саюзах i творчых работнiках», «О кинематографии в Республике Беларусь», «Аб музеях i Музейным фондзе Рэспублiкi Беларусь», «Аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны Рэспублiкi Беларусь».

Нормы згаданых законаў былі перапрацаваны, і, такім чынам, згодна з Кодэксам змяніліся парадак прыняцця некаторых кіраўніцкіх рашэнняў (напрыклад, рашэнняў аб наданні культурным каштоўнасцям статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці ці пазбаўленні такога статусу), патрабаванні да стварэння музеяў, з’явіліся і пэўныя заканадаўчыя інавацыі. Так, у Кодэксе ўпершыню на заканадаўчым узроўні прадугледжана рэгуляванне аховы археалагічнай спадчыны, вызначаны віды практычнай дапамогі беларусам замежжа для захавання і развіцця іх нацыянальна-культурнай самабытнасці.

«Тыя прававыя інстытуты, якія існуюць зараз, закладзены ў падмурак адзінага механізма рэгулявання адносін у галіне культуры. Кодэкс прадугледжвае пазбаўленне ад заганаў прававога рэгулявання ў гэтай сферы, скарачэнне і ўпарадкаванне колькасці прававых актаў па пытаннях культуры», – патлумачыла прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Кодекс аб культуры ўсталёўвае прававыя, арганізацыйныя, эканамічныя і сацыяльныя асновы культурнай дзейнасці і накіраваны на рэгуляванне грамадскіх адносін у галіне творчай дзейнасці, аховы гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны, захавання і развіцця культурных каштоўнасцяў, бібліятэчнай і музейнай справы, народных рамёстваў, кінематаграфіі, арганізацыі і правядзення культурных мерапрыемстваў, дзейнасці фальклорных калектываў, арганізацыі культурнага адпачынку насельніцтва, заахвочвання ў галіне культуры.

Кодэкс уступае ў законую сілу праз шэсць месяцаў пасля афіцыйнага апублікавання.

Па інфармацыі Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні матэрыяла спасылка на Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь абавязковая!

(фота - БЕЛТА)