/ / Новости PRAVO.BY
19.10.2015

Юрыдычнаму факультэту Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта – 90 гадоў!

31 кастрычніка 2015 года юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адзначае знамянальную дату – 90 гадоў з дня свайго заснавання.

За гэты перыяд факультэтам пройдзены доўгі і складаны шлях станаўлення і развіцця як галоўнай кузні кадраў для прававой сістэмы Беларусі, былі сфарміраваны свае традыцыі, назапашаны бясцэнны вопыт падрыхтоўкі высокакваліфікаваных практычных і навуковых работнікаў у галіне юрыспрудэнцыі. Дзякуючы гэтаму юрыдычны факультэт па праву лічыцца адным з самых прэстыжных факультэтаў краіны.

Гісторыя юрыдычнага факультэта непарыўна звязана з лёсам большасці знакамітых дзеячаў беларускай юрыдычнай навукі, сярод якіх дактары навук, прафесары І.І.Гарэлік, С.В.Курылёў, І.С.Цішкевіч, В.Г.Ціхіня, І.А.Юхо, С.Р.Драбязка, А.В.Дулаў, В.Ф.Чыгір, М.Р.Юркевіч, А.М.Абрамовіч, Т.І.Доўнар, А.Г.Цікавенка, В.М.Бібіла і нямала іншых вядомых імёнаў.

Юрыдычны факультэт даў пуцёўку ў жыццё многім пакаленням юрыстаў краіны, якія ў розны час паспяхова вырашалі складаныя задачы, што паўставалі перад дзяржавай і грамадствам. Прафесіяналізм і высокія чалавечыя якасці дазволілі выпускнікам юрыдычнага факультэта сфарміраваць новую прававую сістэму дзяржавы пасля атрымання Рэспублікай Беларусь незалежнасці ў 1991 годзе.

Іх пераемнікі, наступныя пакаленні юрыстаў працягваюць слаўныя традыцыі. Працуючы ў розных органах дзяржаўнай улады і кіравання, судовай сістэме, праваахоўных і назіральных органах, адвакатуры, натарыяце, суб’ектах гаспадарання, яны ўносяць свой уклад у забеспячэнне законнасці і правапарадку, у далейшае ўдасканаленне заканадаўства і развіццё прававой думкі Рэспублікі Беларусь.

Дасягнута шмат, але 90 гадоў – гэта толькі пачатак! Шчыра верым, што наперадзе ў юрыдычнага факультэта шмат значных падзей і важных дасягненняў.

У гэты ўрачысты дзень жадаем прафесарска-выкладчыцкаму саставу, супрацоўнікам, аспірантам і студэнтам юрыдычнага факультэта росквіту і дабрабыту, прафесійных поспехаў, новых ідэй і энергіі для іх ажыццяўлення, падтрымкі ва ўсіх пачынаннях на карысць альма-матар і Рэспублікі Беларусь.