/ / Новости PRAVO.BY
04.11.2015

Аб правядзенні навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці»

Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 кастрычніка 2015 г. № 913 з 10 снежня 2015 г. па 10 студзеня 2016 г. у нашай краіне праводзіцца навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» з удзелам рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама і іншых мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

Кіраўнікам рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў неабходна асабіста прыняць удзел у навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці», наведаць дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы, апякунскія і прыёмныя сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзіцячыя бальніцы з мэтай віншавання дзяцей з Новым годам, Нараджэннем Хрыстовым, уручэння ім падарункаў, аказання дапамогі ў вырашэнні ў адпаведнасці з заканадаўствам існуючых праблем.

Таксама рэкамендавана грамадскім аб’яднанням і іншым арганізацыям далучыцца да названай акцыі.

У рамках навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» 24 снежня 2015 г. у г. Мінску на базе дзяржаўнай установы «Палац Рэспублікі» Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь будзе праведзена дабрачыннае навагодняе свята з уручэннем падарункаў дзецям ва ўзросце 8–14 гадоў з ліку:

  • дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі, выхаванцаў дзіцячых інтэрнатных устаноў;
  • дзяцей-інвалідаў; дзяцей з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў, сем’яў бежанцаў;
  • дзяцей з сем’яў ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога саставу Следчага камітэта, органаў унутраных спраў і фінансавых расследаванняў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, якія загінулі (памерлі) або сталі інвалідамі пры выкананні абавязкаў воінскай службы (службовых абавязкаў), з сем’яў работнікаў, што абслугоўвалі воінскія кантынгенты ў Афганістане або іншых дзяржавах, на тэрыторыі якіх вяліся баявыя дзеянні, якія загінулі (памерлі) або сталі інвалідамі ў перыяд вядзення баявых дзеянняў;
  • дзяцей, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС;
  • навучэнцаў кадэцкіх вучылішч;
  • навучэнцаў, якія ўзнагароджаны па выніках раённых, абласных (Мінскай гарадской), рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў;
  • навучэнцаў, якія маюць поспехі ў грамадскай рабоце.

Аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму рэкамендавана правесці дабрачынныя навагоднія святы для дзяцей 26–30 снежня 2015 г. з удзелам кіраўніцтва аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама ў абласных цэнтрах і г. Мінску, а таксама ва ўсіх гарадах і раёнах краіны ў час школьных канікулаў з удзелам кіраўніцтва гарадоў і раёнаў.

Па інфармацыі Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні матэрыяла спасылка на Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь абавязковая!