/ / Новости PRAVO.BY
03.12.2015

Праект Кодэкса аб культуры абмеркавалі сёння на пасяджэнні Парламента

Неабходнасць падрыхтоўкі Кодэкса аб культуры абумоўлена патрэбай у комплексным і сістэмным рэгуляванні грамадскіх адносін у сферы культуры. Сёння дэпутаты Палаты прадстаўнікоў разгледзелі яго ў першым чытанні.

«Кодэкс дазваляе аб’яднаць дзеючую заканадаўчую базу і значна скараціць колькасць нарматыўных прававых актаў і адсылачных норм», – зазначыла першы намеснік Міністра культуры Ірына Дрыга, выступаючы перад дэпутатамі.

Праект Кодэкса ўвабраў нормы больш чым за 60 нарматыўных прававых актаў рознай юрыдычнай сілы, у тым ліку 7 законаў, 4 указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, каля 20 пастаноў Урада і каля 30 нарматыўных прававых актаў Міністэрства культуры.

Праект уключае шэраг інавацыйных ідэй і палажэнняў, якія дазволяць забяспечыць прававое рэгуляванне ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі. Так, ён прадугледжвае супрацоўніцтва дзяржаўных органаў з камерцыйнымі арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі (напрыклад, у галіне сумеснай вытворчасці фільмаў, правядзення мерапрыемстваў па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцяў і г.д.), больш шырокі ўдзел грамадскасці ў вырашэнні пытанняў культуры (праз грамадскія саветы і іншыя кансультацыйныя органы і экспертныя фарміраванні па пытаннях культуры), замацаванне інстытута спонсарскай і мецэнатскай дапамогі, стварэнне ўмоў інвалідам і іншым фізічна аслабленым асобам для доступу і карыстання паслугамі арганізацый культуры, увядзенне нормы аб практычнай падтрымцы беларусаў замежжа ў сферы культуры і іншыя.

Акрамя таго, запланавана спрасціць парадак пацвярджэння статусу творчага работніка (ён можа пацвярджацца творчым саюзам адпаведнага профілю згодна з яго ўстаноўчым дакументам незалежна ад таго, з’яўляецца творчы работнік членам гэтага саюза ці не), крытэрыі для надання культурнай каштоўнасці статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, парадак прыняцця рашэння аб вызначэнні гісторыка-культурных каштоўнасцяў, якія могуць быць прапанаваны для ўключэння ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны, і іншыя.

Праект Кодэкса таксама прадугледжвае заканадаўчае замацаванне аховы археалагічнай спадчыны, дарэчы, абмежаванне грамадзянскага абароту археалагічных артэфактаў – вызначана, хто і на якой падставе можа законна займацца археалагічнымі даследваннямі, а таксама тое, што ўсе знойдзеныя археалагічныя артэфакты павінны перадавацца ва ўласнасць дзяржавы. Гэта норма накіравана на барацьбу з «чорнымі капальнікамі».

Па інфармацыі Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні матэрыяла спасылка на Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь абавязковая!