/ / Новости PRAVO.BY
16.12.2015

Вандроўка сцежкамі права: па слядах Сапегі, Дуніна-Марцінкевіча і Багушэвіча [+ Фота]

Што мы памятаем пра хрэстаматыйных беларускіх пісьменнікаў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і Францішка Багушэвіча акрамя таго, што яны напісалі творы, якія ўвайшлі ў школьную праграму па літаратуры? Між іншым, сучаснікі ведалі іх найперш як юрыстаў. Імя Льва Сапегі на слыху і адразу ўзгадваецца разам са Статутам ВКЛ. Але ці ўсе ведаюць, што апеты Уладзімірам Караткевічам «Чорны замак Альшанскі» – насамрэч радавы замак Сапег, калыска польскай каралеўскай дынастыі Ягелонаў? Бо каб не было Соф’і з Гальшанаў – не было б і нашчадкаў у караля Ягайлы, двое сыноў якога ў свой час узначалілі краіну.

Выправіцца ў падарожжа сцежкамі права, паглыбіцца ў мінулае Беларусі – незвычайны, але цікавы спосаб адзначыць прафесійнае свята для сучасных юрыстаў. Вандроўку «Сцежкамі права» па маршруце Гальшаны – Крэва – Кушляны – Жупраны сумесна зладзілі клуб вандровак «Падарожнік» і журнал «Юрыст» пры інфармацыйнай падтрымцы Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі. Дарэчы, 12 снежня клубу споўніўся год з заснавання – таму вандроўка не проста так сабе вандроўка, а пэўным чынам юбілейная, 12 па ліку.

Шэрым суботнім ранкам выпраўляемся ў Гальшаны. Праязджаем Ракаў, некалі празваны «беларускім Чыкага» – тут у свой час, калі мястэчка апынулася на савецка-польскім памежжы, квітнеў нелегальны гандаль і была процьма кантрабандыстаў. Кажуць нават, што яшчэ у 50-я мясцовыя жыхары гулялі ў карты на залатыя сліткі, што засталіся ад тых ліхіх часоў. Тут жа ў 20-я гады жыў славуты кантрабандыст, пісьменнік, публіцыст і афіцэр разведак Сяргей Пясецкі, які гэтаму перыяду сваёй біяграфіі прысвяціў асобны раман.

Па дарозе збочваем на могілкі каля в. Тупальшчына (Падневічы) Валожынскага раёна – тут пахаваны Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, пісьменнік, драматург і заснавальнік беларускай драматургіі. Менавіта ён у сярэдзіне 19 стагоддзя адным з першых пачаў звяртацца да беларускай мовы ў сваёй творчасці, напрыклад, перкладаў на беларускую «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча.

Аднак перш чым пасяліцца ў сваім фальварку Люцынка і паглыбіцца ў літаратуру, Дунін-Марцінкевіч паспеў паслужыць у Менскай крымінальнай палаце, а да таго памочнікам каморніка і каморнікам межавога суда. А таксама пэўны час выступаў даверанай асобай, якая вырашае юрыдычныя пытанні для сваіх кліентаў, – усё дзякуючы досведу працы з юрыдычнымі дакументамі, атрыманаму падчас службы.

Прыязджаем у Гальшаны. Першая кропка – касцёл Святога Яна Хрысціцеля, побач з ім кляштар францысканцаў, заснаваны ў 1618 годзе. Зараз тут застаўся толькі адзін жыхар – ксёндз Багуслаў, хаця яшчэ нядаўна насельнікаў было больш. Менавіта па гэтым касцёле блукае караткевічаў чорны манах у рамане «Чорны замак Альшанскі».

Але мы ўжо спяшаемся далей – наперадзе чакае замак Сапег (XVII ст.), слыннага магнацкага роду, які пакінуў значный след і ў беларускай, і ў агульнаеўрапейскай гісторыі. Адзін з найбольш славутых яго прадстаўнікоў – Леў Сапега, падканцлер ВКЛ, які разам з канцлерам дзяржавы Яўстафіям Валовічам падрыхтаваў і выдаў за ўласны кошт Статут ВКЛ 1588 года – выдатны помнік юрыдычнай думкі, звод законаў феадальнага права, які закончыў кадыфікацыю права ў ВКЛ і ўпершыню зацвердзіў раздзяленне заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады.

Напісаны на старабеларускай мове, гэты прагрэсіўны дакумент не только ахапіў шматлікія прававыя сферы, але і вызначыў суверэнітэт ВКЛ у федэратыўнай дзяржаве в Польшчай (утворанай у выніку Люблінскай уніі 1569 года). Статут ВКЛ дзейнічаў 250 гадоў і сцвярджаў роўнасць грамадзян, а таксама, што цікава, прадугледжваў палюбоўны суд, больш вядомы сёння як медыяцыя.

Фрэска з выявай герба рода Сапег у касцёле Святога Яна Хрысціцеля

Леў Сапега таксама быў асноўным арганізатарам стварэння Трыбунала ВКЛ (1581 г.) – вышэйшага апеляцыйнага суда краіны. І на працягу 34 гадоў займаў пасаду канцлера ВКЛ, а таксама пэўны час быў адначасова гетманам Віленскім.

Сёння галоўная рэзідэнцыя Сапег у Ружанах часткова рэстаўраваная, а вось замак у Гальшанах паступова, але няўхільна разбураўся пад уздзеяннем прыроды і мясцовых жыхароў аж да нядаўняга часу, ператварыўшыся хоць і ў паэтычныя, але ж руіны былой велічы. Зараз і ён дачакаўся сваёй чаргі – падвалы і напаўзразбураныя залі расчысцілі ад цэглы і смецця, вакол адной з вежаў усталявалі рыштаванні. Пакуль невядома, што будзе з замкам далей, існуе некалькі праектаў, але не адзін з іх не прадугледжвае поўнае аднаўленне будынка. Магчыма, муры будуць закансерваваныя ці рэстаўратары адбудуюць адну з вежаў, а над мурамі пабудуюць дах, каб прадухіліць далейшае разбурэнне. Калі гэта нарэшце адбудзецца, адно з самых рамантычных літаратурных месцаў Беларусі атрымае шанец на новае жыццё.

Адзін з верагодных планаў рэстаўрацыі замка

Падарожжа працягваецца ў Крэве, каля руінаў замка князя Альгерда, бацькі ўжо ўзгаданага караля Ягайлы (1330-я гг.). Гэтыя і сёння велічныя сцены бачылі здраду і забойства Кейстута (1382 г.), і падпісанне дзяржаўна-прававога аб’яднаньня ВКЛ і Польшчы (жнівень 1385 г.), і артылерыйскія атакі часоў Першай сусветнай вайны, што нямала паспрыяла яго разбурэнню.

А далей шлях вядзе ў веску Кушляны (тут знаходзіцца дом-музей паэта і адваката Францішка Багушэвіча) і мястэчка Жупраны (тут ён пахаваны). Багушэвіч для беларускай літаратуры і нацыянальнай свядомасці фігура, як зараз кажуць, культавая. Ён не только грамадскі дзеяч, паэт, празаік, публіцыст і перакладчык. Без яго ўплыву беларускай літаратуры ў знаёмым нам стане магло б не быць – вядома, напрыклад, што яго творчая спадчына аказала лёсавызначальны ўплыў на творчасць Янкі Купалы.

Від на Крэва з вяршыні Юравай гары

Падчас навучання ў Віленскай гімназіі Багушэвіч, акрамя славянскіх моў і матэматыкі, вельмі цікавіўся заканадаўствам. Праз уласныя палітычныя сімпатыі і ўдзел у паўстанні 1863–1864 гадоў ён не стаў матэматыкам, але затое пазней атрымаў юрыдычную адукацыю і паўтара дзясятка гадоў працаваў у судовай сістэме: судовым следчым, калежскім саветнікам і нават некаторы час трымаў прыватную адвакацкую практыку. Можна меркаваць, што прафесійная прыналежнасць пісьменніка не апошні з чыннікаў, якія сфарміравалі яго аўтарскую пазіцыю ў літаратуры.

…У прыцемках вяртаемся ў Мінск, і ёсць час падумаць пра тое, што кожная вандроўка – як маленькае жыццё, якое ніколі не пражывеш, калі застанешся дома сам-насам з канапай. Вось, напрыклад, не паглядзіш на тагачасных літаратараў з боку іх прафесійных цікавасцяў і іншых схільнасцяў, акрамя літаратурных. І наадварот, дзякуючы такой ванроўцы з «Падарожнікам» па-іншаму пачнеш ставіцца да юрыстаў сучасных – хто ведае, можа, у душы кожны з іх таксама паэт. Праверыць не складана – клуб  ладзіць свое пазнавальныя вандроўкі рэгулярна і запрашае ўсіх ахвотных.

Ганна Шылец, Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні матэрыяла спасылка на Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь абавязковая!

(фота - Ганна Шылец, НЦПІ)