/ / Новости PRAVO.BY
20.06.2014

Прыняты Закон Рэспублікі Беларусь «Аб беларусах замежжа»

Законам Рэспублікі Беларусь ад 16 чэрвеня 2014 года «Аб беларусах замежжа» (Закон) вызначаны асноўныя прынцыпы, мэты і напрамкі дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносін з беларусамі замежжа ў мэтах забеспячэння салідарнасці беларусаў ва ўсім свеце, захавання нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці беларусаў замежжа і ўмацавання іх сувязей з Рэспублікай Беларусь, а таксама катэгорыі асоб, якія адносяцца да беларусаў замежжа, і меры дзяржаўнай падтрымкі, што аказваецца беларусам замежжа ў Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі.

У адпаведнасці з Законам да беларусаў замежжа адносяцца наступныя асобы:

  • грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь;
  • замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь і самі або іх продкі па прамой узыходзячай лініі нарадзіліся або пражывалі на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь;
  • замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь і ідэнтыфікуюць сябе як беларусы з пункту гледжання этнічнай прыналежнасці да беларускага народа або беларускай мовы, культуры, гістарычных сувязей, ведання і захавання беларускіх традыцый і звычаяў.

Дзяржаўная палітыка ў галіне адносін з беларусамі замежжа засноўваецца на:

  • агульнапрызнаных прынцыпах і нормах міжнароднага права;
  • прызнанні прыналежнасці кожнаму ад нараджэння неад’емных асноўных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна;
  • падтрыманні адносін з беларусамі замежжа на аснове ўзаемнай павагі і партнёрства;
  • прызнанні неабходнасці забеспячэння нацыянальных, культурных і іншых правоў беларусаў замежжа ў адпаведнасці з агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнароднага права, а таксама з улікам заканадаўства дзяржаў грамадзянскай прыналежнасці і пастаяннага месца жыхарства беларусаў замежжа;
  • абавязковасці ўліку дзеянняў замежных дзяржаў у дачыненні да беларусаў замежжа, якія пражываюць на іх тэрыторыі, пры выпрацоўцы і рэалізацыі палітыкі Рэспублікі Беларусь у дачыненні да гэтых дзяржаў;
  • аказанні дзяржаўнай падтрымкі ў рэалізацыі нацыянальных, культурных і іншых правоў беларусаў замежжа і грамадскіх аб’яднанняў (арганізацый) беларусаў замежжа, якія імкнуцца да развіцця і ўмацавання сяброўскіх адносін паміж замежнымі дзяржавамі і Рэспублікай Беларусь і чыя дзейнасць адпавядае нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь.

Згодна з Законам дзяржаўнае рэгуляванне і кіраванне ў галіне адносін з беларусамі замежжа ажыццяўляюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, Урадам Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей, абласнымі і Мінскім гарадскім выканаўчымі камітэтамі, іншымі дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі Рэспублікі Беларусь.

Акрамя таго, у мэтах вызначэння максімальна эфектыўнай дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносін з беларусамі замежжа ствараецца Кансультатыўны савет па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

Асноўнымі задачамі Кансультатыўнага савета з’яўляюцца:

  • падрыхтоўка прапаноў па ўдасканаленні дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносін з беларусамі замежжа;
  • садзейнічанне стварэнню эфектыўных механізмаў супрацоўніцтва дзяржаўных органаў і арганізацый Рэспублікі Беларусь з беларусамі замежжа ў культурнай, адукацыйнай, інфармацыйнай і іншых сферах.

Названыя палажэнні Закона ўступаюць у сілу з 21 верасня 2014 года.

Па інфармацыі Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні матэрыялу спасылка на Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь абавязковая!