ЗАКОН РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

22 сакавіка 1995 г. № 3680-XІІ

Аб бібліятэчнай справе ў Рэспубліцы Беларусь

Изменения и дополнения:

Закон Республики Беларусь от 14 мая 2001 г. № 16-З (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2001 г., № 48, 2/759) <H10100016>;

Закон Республики Беларусь от 11 ноября 2002 г. № 147-З (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2002 г., № 128, 2/896) – новая редакция <H10200147>;

Закон Республики Беларусь от 20 июля 2006 г. № 162-З (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2006 г., № 122, 2/1259) <H10600162>;

Закон Республики Беларусь от 7 мая 2007 г. № 212-З (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2007 г., № 118, 2/1309) <H10700212>;

Закон Республики Беларусь от 18 июля 2007 г. № 265-З (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2007 г., № 173, 2/1362) <H10700265>;

Закон Республики Беларусь от 2 мая 2008 г. № 337-З (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2008 г., № 119, 2/1434) <H10800337>;

Закон Республики Беларусь  от 31 декабря 2009 г. № 114-З (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2010 г., № 15, 2/1666) <H10900114>;

Закон Республики Беларусь от 10 июля 2012 г. № 426-З (Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь, 26.07.2012, 2/1978) <H11200426>;

Закон Республики Беларусь от 1 июля 2014 г. № 173-З (Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь, 08.07.2014, 2/2171) <H11400173>

 

Гэты Закон вызначае прававыя, эканамічныя, сацыяльныя, арганізацыйныя асновы бібліятэчнай справы ў Рэспубліцы Беларусь і рэгулюе ўзаемаадносіны бібліятэк з дзяржавай, фізічнымі і юрыдычнымі асобамі ў мэтах задавальнення інфармацыйных, культурных, навуковых і іншых патрэбнасцей грамадства.

ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

Артыкул 1. Асноўныя тэрміны

Для мэт гэтага Закона ўказаныя ніжэй тэрміны маюць наступныя значэнні:

бібліятэчная справа – галіна інфармацыйнай і культурнай дзейнасці, задачамі якой з’яўляюцца стварэнне і развіццё сетак бібліятэк, фарміраванне і апрацоўка бібліятэчных фондаў, арганізацыя бібліятэчнага, інфармацыйнага і даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання карыстальнікаў бібліятэк, навуковае і метадычнае забеспячэнне дзейнасці бібліятэк;

бібліятэка – юрыдычная асоба ў арганізацыйна-прававой форме ўстановы або падраздзяленне юрыдычнай асобы, у тым ліку адасобленае, якія ажыццяўляюць збор і забяспечваюць захаванасць дакументаў у мэтах задавальнення інфармацыйных патрэбнасцей карыстальнікаў бібліятэкі;

бібліятэчны фонд – упарадкаваная сукупнасць дакументаў, прызначаных для захаванасці і грамадскага выкарыстання;

дакумент – носьбіт інфармацыі, у тым ліку электронны, на якім інфармацыя змяшчаецца ў выглядзе тэксту, гуказапісу або выявы і які прызначаны для перадачы ў часе і прасторы ў мэтах захоўвання і грамадскага выкарыстання;

карыстальнік бібліятэкі – фізічная або юрыдычная асоба, якая звяртаецца да паслуг бібліятэкі;

публічная бібліятэка – бібліятэка, якая задавальняе ўніверсальныя інфармацыйныя патрэбнасці карыстальнікаў бібліятэкі;

спецыяльная бібліятэка – бібліятэка, якая задавальняе інфармацыйныя патрэбнасці карыстальнікаў бібліятэкі, звязаныя з іх прафесійнай дзейнасцю (вытворчыя бібліятэкі), адукацыйнай дзейнасцю (бібліятэкі ўстаноў адукацыі), навуковай дзейнасцю (навуковыя бібліятэкі) ці іншай спецыяльнай дзейнасцю;

сетка бібліятэк – сукупнасць бібліятэк, якія аб’яднаны ў адпаведнасці з іх прызначэннем, тэрытарыяльнай прыналежнасцю і (або) заснавальнікам і маюць каардынацыйны і метадычны цэнтр;

кніжныя помнікі – рукапісныя кнігі, друкаваныя выданні, якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці або якія з’яўляюцца рэдкімі ці каштоўнымі дакументамі і маюць адметныя гістарычныя, навуковыя, мастацкія або іншыя вартасці;

міжбібліятэчны абанемент – форма бібліятэчнага абслугоўвання, заснаваная на ўзаемавыкарыстанні інфармацыйных рэсурсаў і даведачна-бібліяграфічнага апарату бібліятэк шляхам прадастаўлення карыстальнікам бібліятэкі арыгіналаў дакументаў або іх копій, атрыманых з іншай бібліятэкі;

аўтаматызаваная інфармацыйна-бібліятэчная сістэма (АІБС) – комплекс праграмных, тэхнічных, інфармацыйных, лінгвістычных, арганізацыйна-тэхналагічных сродкаў, прызначаных для вырашэння задач бібліятэчнага, інфармацыйнага і даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання карыстальнікаў бібліятэк;

даведачна-бібліяграфічны апарат – сукупнасць бібліятэчных каталогаў, картатэк, баз даных, даведачных і бібліяграфічных выданняў, прызначаных для пошуку бібліяграфічнай і іншай інфармацыі.

Артыкул 2. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб бібліятэчнай справе

Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб бібліятэчнай справе грунтуецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і складаецца з гэтага Закона і іншых нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 3. Суадносіны заканадаўства аб бібліятэчнай справе і норм міжнароднага права

Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб бібліятэчнай справе.

Нормы ўступіўшых у сілу міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца часткай дзеючага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь заканадаўства аб бібліятэчнай справе, падлягаюць непасрэднаму прымяненню, за выключэннем выпадкаў, калі з міжнароднага дагавора вынікае, што для прымянення такіх норм патрабуецца прыняцце ўнутрыдзяржаўнага нарматыўнага прававога акта, і маюць сілу таго нарматыўнага прававога акта, якім выказана згода Рэспублікі Беларусь на абавязковасць для яе адпаведнага міжнароднага дагавора.

Артыкул 4. Асноўныя прынцыпы арганізацыі бібліятэчнай справы і дзейнасці бібліятэк

Асноўнымі прынцыпамі арганізацыі бібліятэчнай справы з’яўляюцца:

рацыянальнае і аптымальнае размяшчэнне бібліятэк у адпаведнасці з дэмаграфічным складам насельніцтва і з улікам развіцця асобных рэгіёнаў і галін вытворчасці;

узаемадзеянне бібліятэк і ўзаемавыкарыстанне інфармацыйных рэсурсаў у мэтах забеспячэння патрэбнасцей карыстальнікаў бібліятэк;

дзяржаўна-грамадскі характар кіравання бібліятэчнай справай.

Асноўнымі прынцыпамі дзейнасці бібліятэк з’яўляюцца:

вызначэнне агульначалавечых каштоўнасцей у якасці прыярытэтных;

садзейнічанне адраджэнню і развіццю культурных традыцый і захаванню каштоўнасцей беларускай нацыі, іншых нацыянальнасцей, якія пражываюць у краіне, захаванасці гісторыка-культурнай спадчыны;

распаўсюджванне гуманістычных ідэй, навуковых і прававых ведаў, дасягненняў сусветнай культуры;

агульнадаступнасць інфармацыі аб змесце бібліятэчных фондаў;

самастойнасць у вызначэнні форм і метадаў дзейнасці;

каардынацыя і кааперацыя дзейнасці па набыцці, стварэнні і ўзаемавыкарыстанні інфармацыйных рэсурсаў, аказанні электронных паслуг.

ГЛАВА 2
АБАВЯЗКІ ДЗЯРЖАВЫ Ў ГАЛІНЕ БІБЛІЯТЭЧНАЙ СПРАВЫ

Артыкул 5. Дзяржаўная палітыка ў галіне бібліятэчнай справы

Асновай дзяржаўнай палітыкі ў галіне бібліятэчнай справы з’яўляецца забеспячэнне рэалізацыі права грамадзян на бібліятэчнае, інфармацыйнае і даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне.

Для гэтай мэты дзяржава падтрымлівае бібліятэчную справу і яе развіццё шляхам:

гарантаванага фінансавання дзяржаўных бібліятэк;

распрацоўкі і забеспячэння мэтавага фінансавання дзяржаўных праграм захавання і развіцця культуры, іншых праграм, звязаных з бібліятэчнай справай;

стварэння і забеспячэння дзейнасці сетак бібліятэк у адпаведнасці з асноўнымі прынцыпамі арганізацыі бібліятэчнай справы і дзейнасці бібліятэк;

садзейнічання развіццю дзяржаўных і прыватных бібліятэк;

забеспячэння падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі i павышэння кваліфікацыі бібліятэчных работнікаў;

стварэння ўмоў для міжнароднага супрацоўніцтва бібліятэк.

Дзяржаўныя органы выступаюць гарантамі правоў карыстальнікаў бібліятэк, не ўмешваюцца ў прафесійную дзейнасць бібліятэк, за выключэннем выпадкаў, калі такая дзейнасць вядзе да прапаганды вайны, насілля і жорсткасці, расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, класавай і іншай варожасці ці нецярпімасці, а таксама парнаграфіі.

Артыкул 6. Дзяржаўнае рэгуляванне і кіраванне бібліятэчнай справай

Дзяржаўнае рэгуляванне і кіраванне бібліятэчнай справай ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй.

Рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, якія маюць у сваім падпарадкаванні бібліятэкі, праводзяць дзяржаўную палітыку ў галіне бібліятэчнай справы, вызначаюць сістэму кіравання сеткай падпарадкаваных ім бібліятэк, забяспечваюць гарантаванае фінансаванне камплектавання, захаванасць фондаў бібліятэк і рэалізацыю правоў грамадзян на бібліятэчнае, інфармацыйнае і даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне.

Агульнае кіраванне бібліятэчнай справай ажыццяўляе Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, асноўнымі функцыямі якога ў галіне бібліятэчнай справы з’яўляюцца:

удзел у фарміраванні і правядзенне адзінай дзяржаўнай палітыкі ў галіне бібліятэчнай справы;

распрацоўка і рэалізацыя дзяржаўных праграм захавання і развіцця культуры, удзел у распрацоўцы іншых праграм, звязаных з бібліятэчнай справай;

распрацоўка навукова абгрунтаваных нарматываў матэрыяльнага і фінансавага забеспячэння дзяржаўных бібліятэк і бібліятэчнага абслугоўвання насельніцтва;

забеспячэнне рэгістрацыі і кантролю за выкананнем асаблівага рэжыму захоўвання і выкарыстання дакументаў, якія ўключаны ў бібліятэчныя фонды і якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці;

удзел у метадычным і навуковым забеспячэнні бібліятэчнай справы;

забеспячэнне распрацоўкі нарматыўных прававых актаў у галіне бібліятэчнай справы, у тым ліку дзяржаўных стандартаў Рэспублікі Беларусь (далей – дзяржаўныя стандарты).

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь можа ажыццяўляць і іншыя функцыі ў галіне бібліятэчнай справы ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Артыкул 61. Рэспубліканскі бібліятэчны савет

Для выпрацоўкі рэкамендацый па пытаннях у галіне бібліятэчнай справы, удасканалення дзейнасці і ўзаемадзеяння бібліятэк, а таксама аказання ім метадычнай дапамогі пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь на грамадскіх пачатках ствараецца Рэспубліканскі бібліятэчны савет.

Склад і парадак дзейнасці Рэспубліканскага бібліятэчнага савета вызначаюцца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 62. Міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне бібліятэчнай справы

У выпадку арганізацыі міжнароднай выстаўкі дакументаў з фонду замежнай бібліятэкі і (або) з фонду замежнага музея Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь па хадайніцтве дзяржаўнай бібліятэкі, якая арганізуе такую выстаўку, на падставе дагавора паміж бакамі і дакумента, які пацвярджае страхаванне дакументаў, што ўвозяцца ў Рэспубліку Беларусь, прадастаўляе гарантыйныя абавязацельствы аб іх захаванасці і своечасовым вяртанні.

Рашэнне аб прадастаўленні гарантыйных абавязацельстваў прымаецца ў пятнаццацідзённы тэрмін з дня паступлення хадайніцтва і выдаецца ў форме гарантыйнага пісьма Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь бясплатна. Гарантыйныя абавязацельствы прадастаўляюцца на перыяд знаходжання дакументаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 7. Удзел дзяржавы ў забеспячэнні каардынацыі і кааперацыі бібліятэчнага абслугоўвання

Для найбольш поўнага задавальнення патрэбнасцей карыстальнікаў бібліятэк, рацыянальнага выкарыстання бібліятэчных фондаў дзяржава стымулюе ўзаемадзеянне бібліятэк розных відаў. У гэтых мэтах дзяржаўныя органы або дзяржаўныя юрыдычныя асобы ў адпаведнасці са сваёй кампетэнцыяй мэтанакіравана фінансуюць дзейнасць дзяржаўных бібліятэк па стварэнню ўмоў для ўзаемавыкарыстання іх рэсурсаў на аснове міжнародных і дзяржаўных стандартаў прадастаўлення інфармацыі і абмену ёю, у тым ліку шляхам арганізацыі і функцыянавання нацыянальнай сістэмы міжбібліятэчнага абанемента, стварэння зводных каталогаў, бібліятэчных дэпазітарыяў.

ГЛАВА 3
ВІДЫ БІБЛІЯТЭК І АРГАНІЗАЦЫЯ ІХ ДЗЕЙНАСЦІ

Артыкул 8. Віды бібліятэк

Бібліятэкі ў Рэспубліцы Беларусь падзяляюцца на дзяржаўныя і прыватныя.

Да дзяржаўных бібліятэк адносяцца бібліятэкі, заснаваныя дзяржаўнымі органамі або дзяржаўнымі юрыдычнымі асобамі.

Да прыватных бібліятэк адносяцца бібліятэкі, заснаваныя фізічнымі і (або) недзяржаўнымі юрыдычнымі асобамі.

Па значэнню бібліятэкі падзяляюцца на нацыянальную, рэспубліканскія, абласныя, гарадскія, раённыя, пасёлкаў гарадскога тыпу, сельскія.

Па зместу бібліятэчных фондаў бібліятэкі падзяляюцца на універсальныя (па ўсіх галінах ведаў) і галіновыя.

Па прызначэнню бібліятэкі падзяляюцца на публічныя і спецыяльныя.

Артыкул 9. Выключаны.

Артыкул 10. Парадак стварэння і ліквідацыі бібліятэк

Бібліятэкі ствараюцца і ліквідуюцца ў парадку, устаноўленым Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь, Законам Рэспублікі Беларусь ад 4 чэрвеня 1991 года «Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь» (Ведамасці Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, 1991 г., № 20, арт. 291; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2004 г., № 87, 2/1031), гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства.

Абавязковымі ўмовамі для стварэння бібліятэкі з’яўляюцца:

наяўнасць не менш чым 2000 дакументаў бібліятэчнага фонду;

магчымасць заснавальніка бібліятэкі забяспечыць бібліятэку будынкам, ізаляваным памяшканнем (памяшканнем), якія адпавядаюць умовам абслугоўвання карыстальнікаў бібліятэкі і захаванасці бібліятэчнага фонду, а таксама абсталяваннем, тэхнічнымі, фінансавымі сродкамі, неабходнымі для арганізацыі і ажыццяўлення дзейнасці бібліятэкі.

Пры ліквідацыі дзяржаўнай бібліятэкі яе заснавальнік абавязаны забяспечыць захаванасць бібліятэчнага фонду і перадаць яго іншай дзяржаўнай бібліятэцы (бібліятэкам).

Пры ліквідацыі прыватнай бібліятэкі ў выпадку прыняцця яе ўласнікам рашэння аб адчужэнні дакументаў бібліятэчнага фонду пераважнае права іх набыцця пры іншых роўных умовах маюць дзяржаўныя бібліятэкі.

Артыкул 11. Выключаны.

Артыкул 12. Заснавальнікі і кіраўнік бібліятэкі

Заснавальнікамі бібліятэк могуць быць дзяржаўныя органы, а таксама фізічныя і юрыдычныя асобы.

У адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь бібліятэкі могуць стварацца замежнымі фізічнымі і юрыдычнымі асобамі, а таксама міжнароднымі арганізацыямі.

Заснавальнік бібліятэкі фінансуе яе дзейнасць, ажыццяўляе агульнае кіраўніцтва, зацвярджае яе статут (палажэнне), назначае на пасаду і вызваляе ад пасады кіраўніка бібліятэкі, стварае ўмовы для падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі бібліятэчных работнікаў.

Заснавальнік не мае права ўмешвацца ў прафесійную дзейнасць бібліятэкі, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных яе статутам (палажэннем) і заканадаўствам.

Непасрэднае кіраўніцтва бібліятэкай ажыццяўляе яе кіраўнік, паўнамоцтвы якога ў адпаведнасці з заканадаўствам вызначаюцца статутам (палажэннем) бібліятэкі.

Артыкул 13. Бібліятэчныя работнікі

Бібліятэчнымі работнікамі з’яўляюцца фізічныя асобы, якія знаходзяцца ў працоўных адносінах з бібліятэкай на падставе заключанага працоўнага дагавора.

Правы і абавязкі бібліятэчных работнікаў, аплата іх працы вызначаюцца заканадаўствам.

Сацыяльнае страхаванне і пенсіённае забеспячэнне бібліятэчных работнікаў рэгулююцца заканадаўствам аб сацыяльным страхаванні і пенсіённым забеспячэнні.

Артыкул 14. Асноўныя задачы бібліятэк

Асноўнымі задачамі бібліятэк з’яўляюцца:

камплектаванне бібліятэчных фондаў дакументамі і забеспячэнне іх захаванасці;

ажыццяўленне апрацоўкі дакументаў, стварэнне даведачна-бібліяграфічнага апарату, у тым ліку баз даных і іншых інфармацыйных рэсурсаў;

забеспячэнне бібліятэчнага, інфармацыйнага і даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання карыстальнікаў бібліятэк з улікам іх патрэбнасцей;

правядзенне культурна-асветніцкай работы, накіраванай на садзейнічанне духоўнаму развiццю карыстальнiкаў бiблiятэк.

Артыкул 15. Правы бібліятэк

Бібліятэкі маюць права:

самастойна вызначаць змест і формы сваёй дзейнасці ў адпаведнасці з мэтамі і функцыямі, замацаванымі ў статуце (палажэнні);

ажыццяўляць у адпаведнасці з заканадаўствам і статутам (палажэннем) прадпрымальніцкую дзейнасць, у тым ліку аказваць платныя паслугі;

адкрываць у парадку, устаноўленым заканадаўствам, рахункі ў банках, у тым ліку валютныя;

вызначаць крыніцы камплектавання бібліятэчных фондаў;

фарміраваць абменныя бібліятэчныя фонды;

выключаць і рэалізоўваць дакументы з бібліятэчных фондаў у адпаведнасці з заканадаўствам;

зацвярджаць па ўзгадненню з заснавальнікамі правілы карыстання бібліятэкай, распрацаваныя на аснове тыпавых правіл карыстання бібліятэкамі, якія зацвярджаюцца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь;

вызначаць у адпаведнасці з заканадаўствам залогавы кошт найбольш каштоўных выданняў пры іх выдачы, а таксама ў іншых выпадках, устаноўленых правіламі карыстання бібліятэкай;

прымаць меры па кампенсацыі ўрону, нанесенага карыстальнікамі бібліятэкі, у адпаведнасці з заканадаўствам;

вызначаць умовы выкарыстання бібліятэчных фондаў на аснове дагавораў з юрыдычнымі і фізічнымі асобамі;

часова вывозіць дакументы з бібліятэчных фондаў за межы краіны ў адпаведнасці з заканадаўствам;

удзельнічаць на конкурснай ці іншай аснове ў рэалізацыі дзяржаўных праграм захавання і развіцця культуры, іншых праграм, звязаных з бібліятэчнай справай;

супрацоўнічаць з бібліятэкамі і іншымі ўстановамі замежных краін, у тым ліку весці міжнародны дакументаабмен, уваходзіць ва ўстаноўленым парадку ў міжнародныя арганізацыі, удзельнічаць у рэалізацыі міжнародных і іншых праграм у галіне бібліятэчнай справы;

аб’ядноўвацца ў бібліятэчныя асацыяцыі, саюзы;

набываць, ствараць і выкарыстоўваць інфармацыйныя рэсурсы;

ажыццяўляць збор дакументаў у лічбавай форме, пры неабходнасці ствараць копіі дакументаў у лічбавай форме з захаваннем патрабаванняў заканадаўства аб аўтарскім праве і сумежных правах.

Бібліятэкі валодаюць, карыстаюцца і распараджаюцца замацаванай за імі маёмасцю ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.

Артыкул 16. Абавязкі бібліятэк

Бібліятэкі абавязаны:

садзейнічаць рэалізацыі права грамадзян на бібліятэчнае, інфармацыйнае і даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне, устаноўленага гэтым Законам, абслугоўваць карыстальнікаў бібліятэк у адпаведнасці са сваімі статутамі (палажэннямі) і правіламі карыстання бібліятэкай;

не выкарыстоўваць звесткі аб карыстальніках бібліятэк і іх запытах у іншых мэтах, акрамя навуковых і бібліятэчных;

пашыраць доступ карыстальнікаў бібліятэк да сусветных баз даных;

забяспечваць захаванасць бібліятэчных фондаў;

пры наяўнасці ў бібліятэчных фондах кніжных помнікаў забяспечыць іх захаванасць і ўключэнне ў Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь, іншыя зводныя каталогі, базы даных;

пры прадстаўленні карыстальнікам бібліятэк актуальнай прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь забяспечыць магчымасць доступу да эталоннай прававой інфармацыі.

Артыкул 17. Фінансаванне бібліятэк

Асноўнымі крыніцамі фінансавання дзяржаўных бібліятэк з’яўляюцца сродкі рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў. Прыватныя бібліятэкі фінансуюцца за кошт сродкаў заснавальнікаў і з іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам.

За кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў ажыццяўляюцца фінансаванне распрацоўкі і рэалізацыі дзяржаўных праграм захавання і развіцця культуры, будаўніцтва і рэканструкцыі бібліятэчных будынкаў, ізаляваных памяшканняў (памяшканняў), а таксама камплектаванне бібліятэчных фондаў дзяржаўных бібліятэк.

Дадатковае фінансаванне бібліятэк можа ажыццяўляцца за кошт грашовых сродкаў фізічных і юрыдычных асоб, у тым ліку замежных, за кошт грашовых сродкаў, атрыманых ад аказання платных паслуг і іншай прадпрымальніцкай дзейнасці, дабрачынных паступленняў і з іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам. Гэтыя грашовыя сродкі не падлягаюць адабранню на канец фінансавага года і павінны накіроўвацца на ажыццяўленне статутнай дзейнасці бібліятэк.

Артыкул 18. Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне бібліятэк

Заснавальнікі бібліятэк абавязаны забяспечыць бібліятэкі будынкамі, ізаляванымі памяшканнямі (памяшканнямі), якія адпавядаюць умовам абслугоўвання карыстальнікаў бібліятэк і захаванасці бібліятэчных фондаў, а таксама абсталяваннем, тэхнічнымі, фінансавымі сродкамі, неабходнымі для арганізацыі і ажыццяўлення дзейнасці бібліятэк.

Размяшчэнне бібліятэк у будынках, ізаляваных памяшканнях (памяшканнях), якія не адпавядаюць умовам абслугоўвання карыстальнікаў бібліятэк і захаванасці бібліятэчных фондаў, і перавод бібліятэк у будынкі, ізаляваныя памяшканні (памяшканні), якія пагаршаюць умовы іх дзейнасці, не дапускаюцца.

У выпадку пераводу дзяржаўных бібліятэк у іншыя будынкі, ізаляваныя памяшканні (памяшканні) іх заснавальнікі абавязаны забяспечыць перамяшчэнне бібліятэчных фондаў і абсталявання.

Артыкул 19. Камплектаванне бібліятэчных фондаў

Бібліятэчны фонд Рэспублікі Беларусь складаецца з бібліятэчных фондаў бібліятэк розных форм уласнасці і адлюстроўвае інфармацыйны, культурны, адукацыйны і навуковы патэнцыял грамадства.

Камплектаванне бібліятэчных фондаў можа ажыццяўляцца шляхам:

атрымання абавязковых бясплатных экземпляраў дакументаў;

бесперашкоднага набыцця дакументаў і падпіскі на перыядычныя выданні;

міжнароднага і ўнутрырэспубліканскага дакументаабмену паміж бібліятэкамі і іншымі юрыдычнымі і фізічнымі асобамі;

атрымання дакументаў у дар.

Парадак рассылкі абавязковых бясплатных экземпляраў дакументаў, віды дакументаў, якія адносяцца да абавязковага бясплатнага экземпляра, пералік бібліятэк, якія маюць права на атрыманне абавязковых бясплатных экземпляраў дакументаў, вызначаюцца палажэннем аб абавязковым бясплатным экземпляры дакументаў, якое зацвярджаецца Урадам Рэспублікі Беларусь.

Бібліятэчныя фонды дзяржаўных бібліятэк з’яўляюцца агульнанацыянальным здабыткам і ахоўваюцца дзяржавай.

Артыкул 20. Улік, захоўванне і выкарыстанне бібліятэчных фондаў

Улік бібліятэчных фондаў ажыццяўляецца бібліятэкамі ў мэтах забеспячэння захаванасці, кантролю за наяўнасцю і рухам дакументаў.

Парадак уліку і забеспячэння захаванасці бібліятэчных фондаў устанаўліваецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

Асаблівасці выкарыстання дакументаў, якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, вызначаюцца заканадаўствам аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

Асаблівасці выкарыстання дакументаў, якія ўтрымліваюць каштоўныя металы i каштоўныя камянi, уключаных у культурна-гістарычны фонд Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў і каштоўных камянёў Рэспублікі Беларусь, вызначаюцца заканадаўствам у сферы дзейнасці з каштоўнымі металамі і каштоўнымі камянямі.

Выключаныя з бібліятэчных фондаў дакументы могуць быць перададзены бібліятэкамі ў адпаведнасці з заканадаўствам бясплатна або за плату іншым бібліятэкам і юрыдычным асобам, у тым ліку шляхам унутрырэспубліканскага дакументаабмену і пераразмеркавання дакументаў, або фізічным асобам.

Парадак ажыццяўлення ўнутрырэспубліканскага дакументаабмену і пераразмеркавання дакументаў устанаўліваецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 21. Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь

Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой сукупнасць звестак аб кніжных помніках. Яго фарміруе і вядзе дзяржаўная арганізацыя, упаўнаважаная Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

Парадак вядзення Дзяржаўнага рэестра кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь устанаўліваецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

Кніжныя помнікі, якія належаць юрыдычным або фізічным асобам на праве ўласнасці, іншай законнай падставе, за выключэннем кніжных помнікаў, якія знаходзяцца ў Бібліятэчным фондзе Рэспублікі Беларусь, уключаюцца ў Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь са згоды гэтых асоб.

Пры змене ўласніка кніжнага помніка, уключанага ў Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь, яго былы ўласнік абавязаны ў дзесяцідзённы тэрмін з дня спынення права ўласнасці на кніжны помнік паведаміць аб гэтым у дзяржаўную арганізацыю, упаўнаважаную Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, для ўнясення змяненняў у Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь.

Уласнікі (уладальнікі) кніжных помнікаў, уключаных у Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь, у выпадку змянення звестак, якія ўносяцца ў Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь, абавязаны ў месячны тэрмін з дня ўзнікнення падставы для іх змянення паведаміць аб гэтым у дзяржаўную арганізацыю, упаўнаважаную Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, для ўнясення змяненняў у Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь.

ГЛАВА 4
СУКУПНАЯ СЕТКА БІБЛІЯТЭК

Артыкул 22. Сеткі бібліятэк і іх каардынацыйныя і метадычныя цэнтры

Сукупная сетка бібліятэк складаецца з сеткі публічных і сеткі спецыяльных бібліятэк. Яе каардынацыйным і метадычным цэнтрам з’яўляецца дзяржаўная ўстанова «Нацыянальная бібліятэка Беларусі».

Аднясенне бібліятэк да пэўных сетак бібліятэк ажыццяўляецца заснавальнікамі бібліятэк.

Сярод каардынацыйных і метадычных цэнтраў сетак бібліятэк вылучаюць каардынацыйныя і метадычныя цэнтры рэспубліканскага, абласнога, раённага і гарадскога ўзроўняў.

Каардынацыйнымі і метадычнымі цэнтрамі рэспубліканскага ўзроўню з’яўляюцца:

у сетцы публічных бібліятэк – дзяржаўная ўстанова «Нацыянальная бібліятэка Беларусі»;

у сетцы спецыяльных бібліятэк – дзяржаўная ўстанова «Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь», Фундаментальная бібліятэка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Навукова-педагагічная бібліятэка ўстановы «Галоўны інфармацыйна-аналітычны цэнтр Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь», дзяржаўная ўстанова «Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», дзяржаўная ўстанова «Беларуская сельскагаспадарчая бібліятэка імя І.С.Лупіновіча» Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дзяржаўная ўстанова «Рэспубліканская навуковая медыцынская бібліятэка», дзяржаўная ўстанова «Рэспубліканская навукова-тэхнічная бібліятэка».

У сетцы спецыяльных бібліятэк для пэўных відаў спецыяльных бібліятэк Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь вызначаюцца каардынацыйныя і метадычныя цэнтры рэспубліканскага ўзроўню з ліку бібліятэк, пералічаных у абзацы трэцім часткі чацвёртай гэтага артыкула.

Вызначэнне каардынацыйных і метадычных цэнтраў абласнога, раённага і гарадскога ўзроўняў ажыццяўляецца каардынацыйнымі і метадычнымі цэнтрамі рэспубліканскага ўзроўню па ўзгадненні з заснавальнікамі бібліятэк і Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 23. Дзяржаўная ўстанова «Нацыянальная бiблiятэка Беларусi»

Дзяржаўная ўстанова «Нацыянальная бiблiятэка Беларусi» з’яўляецца галоўнай унiверсальнай навуковай бiблiятэкай, носьбiтам агульначалавечых духоўных каштоўнасцей, скарбнiцай культурных здабыткаў народа, яго нацыянальнай памяцi. Дзяржаўная ўстанова «Нацыянальная бiблiятэка Беларусi» не можа быць перапрафiляваная.

Дзяржаўная ўстанова «Нацыянальная бiблiятэка Беларусi» дзейнiчае ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, у тым ліку са статутам, зацверджаным Урадам Рэспублiкi Беларусь, а таксама з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.

Дзяржаўная ўстанова «Нацыянальная бiблiятэка Беларусi» задавальняе універсальныя інфармацыйныя патрэбнасці грамадства і з’яўляецца:

рэспубліканскім інфармацыйным і сацыякультурным цэнтрам;

рэспубліканскім цэнтрам па каардынацыі і кааперацыі дзейнасці бібліятэк па набыцці, стварэнні і ўзаемавыкарыстанні інфармацыйных рэсурсаў;

рэспубліканскім галіновым цэнтрам інфармацыі па культуры і мастацтву;

нацыянальным цэнтрам міжбібліятэчнага абанемента, цэнтрам унутрырэспубліканскага дакументаабмену і пераразмеркавання дакументаў;

рэспубліканскім навукова-метадычным цэнтрам у галіне бібліятэчнай справы;

навукова-даследчай установай па бібліятэказнаўству, бібліяграфазнаўству, кнігазнаўству;

рэспубліканскім дэпазітарыем матэрыялаў ААН і іншых міжнародных арганізацый.

Дзяржаўная ўстанова «Нацыянальная бiблiятэка Беларусi» выконвае наступныя асноўныя функцыі:

фарміруе, зберагае, пастаянна захоўвае і прадастаўляе карыстальнікам бібліятэкі найбольш поўны збор айчынных дакументаў і беларусікі, навукова значных замежных дакументаў;

арганізуе доступ да нацыянальных і сусветных баз даных;

арганізуе бібліяграфічны ўлік публікацый аб Рэспубліцы Беларусь, удзельнічае ў арганізацыі і вядзенні бібліяграфічнага ўліку нацыянальнага дакумента;

фарміруе абменныя бібліятэчныя фонды для ажыццяўлення ўнутрырэспубліканскага дакументаабмену і пераразмеркавання дакументаў, міжнароднага дакументаабмену;

забяспечвае каардынацыю ўзаемадзеяння бібліятэк і інфармацыйных арганізацый па ўзаемавыкарыстанню інфармацыйных рэсурсаў, вядзенню нацыянальнага зводнага электроннага каталога;

набывае ў першачарговым парадку бібліятэчныя зборы ў вядомых пісьменнікаў, дзеячаў культуры і навукі, іх наследнікаў, іншых фізічных асоб, а таксама ў букіністычных кнігарнях і на аўкцыёнах;

ажыццяўляе навукова-даследчую дзейнасць у сферы бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства, кнігазнаўства;

прадастаўляе дакументы, бібліяграфічную і іншую інфармацыю ў адпаведнасці з правам грамадзян на бібліятэчнае, інфармацыйнае і даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне;

праводзіць культурна-асветніцкую работу, накіраваную на садзейнічанне духоўнаму развiццю карыстальнiкаў бiблiятэкі;

ажыццяўляе выдавецкую і паліграфічную дзейнасць, накіраваную на падрыхтоўку і выпуск інфармацыйных і метадычных выданняў, навуковых публікацый у галіне бібліятэчнай справы, бібліяграфіі, кнігазнаўства і сумежных навук;

удзельнічае ў фарміраванні і правядзенні адзінай дзяржаўнай палітыкі ў галіне бібліятэчнай справы;

забяспечвае каардынацыю і кааперацыю дзейнасці бібліятэк па набыцці, стварэнні і ўзаемавыкарыстанні інфармацыйных рэсурсаў, аказанні электронных паслуг;

выконвае іншыя функцыі, прадугледжаныя гэтым Законам, іншымі актамі заканадаўства.

Дзяржаўная ўстанова «Нацыянальная бiблiятэка Беларусi» фiнансуецца за кошт сродкаў рэспублiканскага бюджэту, а таксама за кошт сродкаў, прадугледжаных гэтым Законам.

Маёмасць дзяржаўнай установы «Нацыянальная бiблiятэка Беларусi» з’яўляецца ўласнасцю Рэспублiкi Беларусь i належыць гэтай установе на праве аператыўнага кiравання, за выключэннем даходаў ад прадпрымальнiцкай дзейнасцi, якiя паступаюць у самастойнае распараджэнне бiблiятэкi i ўлiчваюцца на асобным балансе.

ГЛАВА 5
УЗАЕМАДЗЕЯННЕ БІБЛІЯТЭК І ЎЗАЕМАВЫКАРЫСТАННЕ ІНФАРМАЦЫЙНЫХ РЭСУРСАЎ

Артыкул 24. Узаемадзеянне бібліятэк

Узаемадзеянне бібліятэк ажыццяўляецца ў адпаведнасці з асноўнымі прынцыпамі дзейнасці бібліятэк, у тым ліку шляхам дакументаабмену і пераразмеркавання дакументаў, арганізацыі і функцыянавання нацыянальнай сістэмы міжбібліятэчнага абанемента.

Парадак арганізацыі і функцыянавання нацыянальнай сістэмы міжбібліятэчнага абанемента ўстанаўліваецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 25. Узаемадзеянне бібліятэк з інфармацыйнымі арганізацыямі

У мэтах павышэння эфектыўнасці выкарыстання інфармацыйных рэсурсаў бібліятэкі ўзаемадзейнічаюць з інфармацыйнымі арганізацыямі: органамі навуковай інфармацыі, архівамі, музеямі і іншымі арганізацыямі, звязанымі са стварэннем, апрацоўкай і захоўваннем інфармацыі. Парадак узаемадзеяння вызначаецца заканадаўствам, а таксама дагаворамі паміж гэтымі арганізацыямі.

Артыкул 26. Удзел бібліятэк у працэсах інфарматызацыі

Бібліятэкі ўдзельнічаюць у стварэнні адзінай аўтаматызаванай інфармацыйна-бібліятэчнай сістэмы (АІБС) на аснове дзяржаўных стандартаў апрацоўкі дакументаў і абмену данымі.

Інфармацыйныя рэсурсы дзяржаўных бібліятэк з’яўляюцца састаўной часткай інфармацыйных рэсурсаў Рэспублікі Беларусь.

ГЛАВА 6
ПРАВА НА БІБЛІЯТЭЧНАЕ, ІНФАРМАЦЫЙНАЕ І ДАВЕДАЧНА-БІБЛІЯГРАФІЧНАЕ АБСЛУГОЎВАННЕ І ДЗЕЙНАСЦЬ У ГАЛІНЕ БІБЛІЯТЭЧНАЙ СПРАВЫ

Артыкул 27. Права на бібліятэчнае, інфармацыйнае і даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне

Фізічныя і юрыдычныя асобы маюць права на бібліятэчнае, інфармацыйнае і даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне згодна з асабістымі патрэбнасцямі і інтарэсамі і ў адпаведнасці з гэтым Законам, статутам (палажэннем) бібліятэкі і правіламі карыстання бібліятэкай.

Права на бібліятэчнае, інфармацыйнае і даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне забяспечваецца:

стварэннем сеткі публічных і сеткі спецыяльных бібліятэк;

разнастайнасцю відаў бібліятэк;

арганізацыяй доступу да нацыянальных і сусветных баз даных;

міжбібліятэчным абанементам;

стварэннем і функцыянаваннем на базе дзяржаўных публічных бібліятэк публічных цэнтраў прававой інфармацыі;

электроннай дастаўкай дакументаў;

арганізацыяй абслугоўвання карыстальнікаў бібліятэк па месцы жыхарства (прабывання), працы, службы, вучобы, адпачынку.

Артыкул 28. Права на дзейнасць у галіне бібліятэчнай справы

Фізічныя і юрыдычныя асобы маюць права на стварэнне бібліятэк на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і за мяжой у адпаведнасці з заканадаўствам і міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.

Грамадзяне маюць права ўдзельнічаць у дзейнасці папячыцельскіх саветаў, аб’яднанняў карыстальнікаў бібліятэк, якія ствараюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам з мэтай узаемадзеяння бібліятэк з грамадскасцю і працуюць на грамадскіх пачатках.

Артыкул 29. Правы і абавязкі карыстальнікаў бібліятэк

Парадак карыстання бібліятэкай, пералік асноўных паслуг і ўмовы іх прадастаўлення ўстанаўліваюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам, статутам (палажэннем) бібліятэкі і правіламі карыстання бібліятэкай.

Карыстальнікі дзяржаўных бібліятэк маюць права:

бясплатна атрымліваць поўную інфармацыю аб складзе фондаў бібліятэкі;

бясплатна атрымліваць кансультацыйную дапамогу ў пошуку крыніц інфармацыі;

бясплатна атрымліваць для часовага карыстання дакументы з фондаў бібліятэкі;

атрымліваць дакументы або іх копіі па міжбібліятэчнаму абанементу;

карыстацца іншымі відамі паслуг, у тым ліку платнымі.

Асобы з аслабленым зрокам і асобы, пазбаўленыя зроку, маюць права на бібліятэчнае, інфармацыйнае і даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне і атрыманне дакументаў на спецыяльных носьбітах інфармацыі ў публічных бібліятэках і спецыяльных дзяржаўных бібліятэках.

Фізічныя асобы, якія не могуць наведваць бібліятэку па месцы жыхарства з прычыны састарэласці, фізічных недахопаў, маюць пераважнае права атрымліваць дакументы з фондаў публічных бібліятэк праз нестацыянарныя формы абслугоўвання.

Карыстальнікі бібліятэк абавязаны выконваць правілы карыстання бібліятэкай, беражліва адносіцца да бібліятэчных фондаў, у вызначаныя бібліятэкай тэрміны вяртаць дакументы, атрыманыя з гэтых фондаў.

Незаконныя дзеянні (бяздзейнасць) службовых асоб бібліятэк, якія абмяжоўваюць правы карыстальнікаў бібліятэк, могуць быць абскарджаны ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

ГЛАВА 7
АДКАЗНАСЦЬ ЗА ПАРУШЭННЕ ЗАКАНАДАЎСТВА АБ БІБЛІЯТЭЧНАЙ СПРАВЕ

Артыкул 30. Адказнасць за парушэнне заканадаўства аб бібліятэчнай справе

Асобы, якія парушылі заканадаўства аб бібліятэчнай справе, нясуць адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам.

 

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь

А.Лукашэнка

 

 

 

Rambler's Top100