ЗАКОН РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

9 студзеня 2006 г. № 98-З

Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь

Прыняты Палатай прадстаўнікоў 12 снежня 2005 года
Адобраны Саветам Рэспублікі 21 снежня 2005 года

Изменения и дополнения:

Закон Республики Беларусь от 7 мая 2007 г. № 212-З (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2007 г., № 118, 2/1309) <H10700212>;

Закон Республики Беларусь от 18 июля 2007 г. № 265-З (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2007 г., № 173, 2/1362) <H10700265>;

Закон Республики Беларусь от 28 декабря 2009 г. № 93-З (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2010 г., № 6, 2/1645) <H10900093>;

Закон Республики Беларусь от 8 мая 2012 г. № 374-З (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2012 г., № 56, 2/1926) <H11200374>

ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

Артыкул 1. Асноўныя тэрміны і іх азначэнні, якія выкарыстоўваюцца ў гэтым Законе

У гэтым Законе выкарыстоўваюцца наступныя асноўныя тэрміны і іх азначэнні:

ансамбль – група ізаляваных або аб’яднаных будынкаў, збудаванняў і іншых аб’ектаў (разам з навакольным асяроддзем), якія размешчаны на гістарычна сфарміраванай тэрыторыі, а таксама звязаныя з імі творы выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога, садова-паркавага мастацтва; творы выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога, садова-паркавага мастацтва і некропалі (разам з навакольным асяроддзем), якія створаны адначасова або на працягу пэўнага храналагічнага перыяду;

ахова гісторыка-культурнай спадчыны – сістэма арганізацыйных, прававых, эканамічных, матэрыяльна-тэхнічных, навуковых, інфармацыйных і (або) іншых мер, накіраваных на выяўленне матэрыяльных аб’ектаў і нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека, якія могуць уяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, наданне матэрыяльным аб’ектам і нематэрыяльным праяўленням творчасці чалавека статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, улік, захаванне, аднаўленне, утрыманне і выкарыстанне гісторыка-культурных каштоўнасцей, што ажыццяўляюцца ў мэтах зберажэння і памнажэння гісторыка-культурнай спадчыны;

гісторыка-культурная спадчына – сукупнасць найбольш адметных вынікаў і сведчанняў гістарычнага, культурнага і духоўнага развіцця народа Беларусі, увасобленых у гісторыка-культурных каштоўнасцях;

гісторыка-культурныя каштоўнасці – матэрыяльныя аб’екты (матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці) і нематэрыяльныя праяўленні творчасці чалавека (нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці), якія маюць адметныя духоўныя, мастацкія і (або) дакументальныя вартасці і якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці;

калекцыя – навукова абгрунтаваны збор рухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей;

камплект – набор рухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, якія маюць агульнае прызначэнне;

комплекс – група ізаляваных або аб’яднаных будынкаў, збудаванняў і іншых аб’ектаў (разам з навакольным асяроддзем);

культурны пласт – пласт зямлі, які ўтварыўся ў выніку жыцця і дзейнасці чалавека.

Артыкул 2. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны

1. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны грунтуецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і складаецца з Закона Рэспублікі Беларусь ад 4 чэрвеня 1991 года «Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь» (Ведамасці Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, 1991 г., № 20, арт. 291; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2004 г., № 87, 2/1031), гэтага Закона, іншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, а таксама міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь.

2. Калі міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь устаноўлены іншыя правілы, чым тыя, якія прадугледжаны гэтым Законам, то прымяняюцца правілы міжнароднага дагавора.

Артыкул 3. Прынцыпы і асноўныя напрамкі дзяржаўнай палітыкі ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны

1. Дзяржаўная палітыка ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны грунтуецца на прынцыпах:

1.1. прызнання гісторыка-культурнай спадчыны фактарам развіцця дзяржавы;

1.2. адказнасці дзяржавы за захаванне гісторыка-культурнай спадчыны;

1.3. удзелу грамадзян у ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

2. Асноўнымі напрамкамі дзяржаўнай палітыкі ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны з’яўляюцца:

2.1. выяўленне матэрыяльных аб’ектаў і нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека, якія могуць уяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць;

2.2. наданне матэрыяльным аб’ектам і нематэрыяльным праяўленням творчасці чалавека статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці і ўлік гісторыка-культурных каштоўнасцей;

2.3. захаванне і аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцей;

2.4. утрыманне і выкарыстанне гісторыка-культурных каштоўнасцей з улікам неабходнасці безумоўнага захавання іх адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей;

2.5. фінансаванне аховы гісторыка-культурнай спадчыны за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 4. Грамадскія аб’яднанні ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны

Грамадскія аб’яднанні ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны могуць:

аказваць дзяржаўным органам садзейнічанне ў рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны;

папулярызаваць гісторыка-культурныя каштоўнасці, заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны;

ажыццяўляць грамадскі кантроль за выкананнем заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны ў парадку, устаноўленым Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь;

уносіць у дзяржаўныя органы прапановы па ахове гісторыка-культурнай спадчыны;

садзейнічаць фарміраванню ў грамадзян патрыятызму, адказнасці за захаванне гісторыка-культурнай спадчыны;

ажыццяўляць іншую звязаную з аховай гісторыка-культурнай спадчыны дзейнасць, не забароненую заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 5. Адказнасць за парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны

За парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны настае адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

ГЛАВА 2
ДЗЯРЖАЎНАЕ РЭГУЛЯВАННЕ Ў СФЕРЫ АХОВЫ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ СПАДЧЫНЫ

Артыкул 6. Дзяржаўныя органы, якія ажыццяўляюць дзяржаўнае рэгуляванне ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны

Дзяржаўнае рэгуляванне ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны ажыццяўляецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, мясцовымі Саветамі дэпутатаў, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, а таксама іншымі дзяржаўнымі органамі ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй.

Артыкул 7. Кампетэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны:

вызначае дзяржаўную палітыку ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны;

вызначае гiсторыка-культурныя каштоўнасці, якія могуць быць прапанаваны для ўключэння ў Спiс сусветнай культурнай i прыроднай спадчыны, Спiс сусветнай спадчыны, якая знаходзiцца пад пагрозай, або ў іншыя спісы ў адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь;

ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Законам і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 8. Кампетэнцыя Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь забяспечвае рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны шляхам:

зацвярджэння канцэпцый і рэспубліканскіх праграм па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, забеспячэння іх выканання і кантролю за ім;

надання матэрыяльным аб’ектам і нематэрыяльным праяўленням творчасці чалавека статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці і пазбаўлення іх такога статусу;

устанаўлення парадку вядзення Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь;

устанаўлення парадку фарміравання Банка звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь і парадку азнаямлення з інфармацыяй, якая змяшчаецца ў Банку звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь;

устанаўлення парадку выдачы дазволу на часовы вываз за межы Рэспублікі Беларусь у выпадках, прадугледжаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, рухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей;

ажыццяўлення іншых паўнамоцтваў у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Законам, іншымі законамі Рэспублікі Беларусь і актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 9. Кампетэнцыя Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь рэалізуе дзяржаўную палітыку ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны шляхам:

падрыхтоўкі прапаноў па асноўных напрамках дзяржаўнай палітыкі ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны;

распрацоўкі, прыняцця (выдання) у межах сваёй кампетэнцыі актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны;

арганізацыі кантролю за выкананнем гэтага Закона, у тым ліку за ўтрыманнем і выкарыстаннем гісторыка-культурных каштоўнасцей;

каардынацыі дзейнасці ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання;

арганізацыі і садзейнічання ажыццяўленню мерапрыемстваў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны;

унясення ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прапаноў аб наданні матэрыяльным аб’ектам і нематэрыяльным праяўленням творчасці чалавека статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці і аб пазбаўленні іх такога статусу;

унясення ў мiжнародныя арганiзацыi прапаноў аб уключэннi гiсторыка-культурных каштоўнасцей у Спiс сусветнай культурнай i прыроднай спадчыны, Спiс сусветнай спадчыны, якая знаходзiцца пад пагрозай, або ў іншыя спісы ў адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь;

вядзення Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь;

забеспячэння фарміравання Банка звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь;

аказання юрыдычным і фізічным асобам, у тым ліку індывідуальным прадпрымальнікам, арганізацыйнай, метадычнай і іншай дапамогі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны;

выдачы юрыдычным і фізічным асобам, у тым ліку індывідуальным прадпрымальнікам, абавязковых для выканання пісьмовых прадпісанняў у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны;

удзелу ў міжнародных праграмах па ахове гісторыка-культурнай спадчыны;

удзелу ў дзейнасці па вяртанню ў Рэспубліку Беларусь гісторыка-культурных каштоўнасцей, якія апынуліся за яе межамі;

выдачы дазволу на часовы вываз за межы Рэспублікі Беларусь у выпадках, прадугледжаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, рухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей;

папулярызацыі гісторыка-культурных каштоўнасцей;

ажыццяўлення іншых паўнамоцтваў у адпаведнасці з гэтым Законам, іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 10. Кампетэнцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў і мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны

1. Мясцовыя Саветы дэпутатаў удзельнічаюць у рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны шляхам:

1.1. зацвярджэння рэгіянальных праграм па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і кантролю за іх выкананнем;

1.2. садзейнічання ажыццяўленню мерапрыемстваў па захаванню і аднаўленню гісторыка-культурных каштоўнасцей;

1.3. садзейнічання грамадскім аб’яднанням у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны;

1.4. папулярызацыі гісторыка-культурных каштоўнасцей;

1.5. ажыццяўлення іншых паўнамоцтваў у адпаведнасці з актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

2. Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ўдзельнічаюць у рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны шляхам:

2.1. распрацоўкі рэгіянальных праграм па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і забеспячэння іх выканання;

2.2. арганізацыі і садзейнічання ажыццяўленню мерапрыемстваў па выяўленню матэрыяльных аб’ектаў і нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека, якія могуць уяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, іх вылучэнню для надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці;

2.3. арганізацыі і садзейнічання ажыццяўленню мерапрыемстваў па захаванню і аднаўленню гісторыка-культурных каштоўнасцей;

2.4. правядзення ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцей і забеспячэння кантролю за іх утрыманнем і выкарыстаннем, у тым ліку ўзгаднення вонкавай рэкламы пры размяшчэнні сродкаў вонкавай рэкламы на будынках, збудаваннях і іншых аб’ектах, якія з’яўляюцца матэрыяльнымі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі катэгорыі «3»;

2.5. аказання садзейнічання грамадскім аб’яднанням у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны;

2.6. заахвочвання грамадзян, якія пражываюць на адпаведнай тэрыторыі, да ўдзелу ў ахове гісторыка-культурнай спадчыны;

2.7. папулярызацыі гісторыка-культурных каштоўнасцей;

2.8. ажыццяўлення іншых паўнамоцтваў у адпаведнасці з гэтым Законам, іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 11. Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь

1. Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь (далей – Навукова-метадычная рада) ажыццяўляе навукова-метадычнае забеспячэнне аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

2. Навукова-метадычная рада ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны:

2.1. прымае рашэнні аб неабходнасці надання матэрыяльным аб’ектам і нематэрыяльным праяўленням творчасці чалавека статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці або аб адсутнасці неабходнасці надання ім такога статусу;

2.2. прымае рашэнні аб неабходнасці аднясення гісторыка-культурнай каштоўнасці да пэўнай катэгорыі або аб неабходнасці змянення яе катэгорыі;

2.3. адабрае або не адабрае навукова-праектную дакументацыю на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях катэгорый «0», «1», «2» і (або) у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей катэгорый «0», «1», «2», якія могуць прывесцi да iстотнага змянення гэтых гiсторыка-культурных каштоўнасцей, іх знішчэння, страты ці знікнення;

2.4. прымае рашэнні аб адпаведнасцi квалiфiкацыйным патрабаванням кандыдатаў на атрыманне пасведчанняў на кiраўнiцтва распрацоўкай навукова-праектнай дакументацыi на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях і (або) у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей;

2.5. прымае рашэнні аб немагчымасці навукова абгрунтаванага аднаўлення гісторыка-культурных каштоўнасцей у выпадку страты імі іх адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей, якія абумовілі наданне ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці;

2.6. выдае заключэнні аб поўным вывучэнні помнікаў археалогіі;

2.7. выконвае іншыя функцыі ў адпаведнасці з гэтым Законам, іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

3. Палажэнне аб Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радзе па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь і яе склад зацвярджаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь па прадстаўленню Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

4. Дзейнасць Навукова-метадычнай рады ажыццяўляецца за кошт сродкаў, прадугледжаных у рэспубліканскім бюджэце на ўтрыманне Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, іншых крыніц фінансавання, не забароненых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

ГЛАВА 3
ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНЫЯ КАШТОЎНАСЦІ

Артыкул 12. Віды гісторыка-культурных каштоўнасцей. Комплексныя гісторыка-культурныя каштоўнасці

1. Гісторыка-культурныя каштоўнасці падзяляюцца на наступныя віды:

1.1. матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, матэрыяльнае ўвасабленне якіх складае іх змест;

1.2. нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, матэрыяльнае ўвасабленне якіх не аказвае істотнага ўплыву на іх змест. 

2. Матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці могуць з’яўляцца комплекснымі матэрыяльнымі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, калі:

2.1. два і больш матэрыяльныя аб’екты сабраны разам па пэўных прыкметах і (або) размешчаны побач (пры гэтым у склад комплекснай нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці як асобны кампанент можа быць уключана навакольнае асяроддзе);

2.2. два і больш матэрыяльныя аб’екты аб’яднаны агульнымі прыкметамі і размешчаны ў розных месцах.

3. Нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці могуць з’яўляцца комплекснымі нематэрыяльнымі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, калі іх змест выяўляецца праз абрады, фальклор (вусную народную творчасць), у склад якіх уваходзяць розныя па свайму характару дзеянні (танцы, песні, іншыя нематэрыяльныя праяўленні творчасці чалавека).

Артыкул 13. Матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці

1. Да матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей адносяцца:

1.1. дакументальныя помнікі – акты дзяржаўных органаў, іншыя пісьмовыя і графічныя дакументы, кінафотадакументы і гуказапісы, старажытныя і іншыя рукапісы, архіўныя дакументы, рэдкія друкаваныя выданні;

1.2. запаведныя мясціны – тапаграфічна акрэсленыя зоны або ландшафты, створаныя чалавекам ці чалавекам і прыродай;

1.3. помнікі археалогіі – рэшткі ўмацаваных пасяленняў (старажытных гарадоў, гарадзішчаў, замкаў), неўмацаваных пасяленняў (старажытных стаянак, паселiшчаў, асобнага жылля); будынкаў, збудаванняў, iншых аб’ектаў (свяцiлiшчаў, месцаў спраўляння абрадаў, манастыроў, храмаў); крыжы, культавыя камянi, статуi, абелiскi; курганныя i грунтавыя могiльнiкi, асобныя пахаваннi, некропалi, маўзалеi i iншыя пахаваннi; iнфраструктура сухапутных, водных i водна-волакавых шляхоў; манетныя i рэчавыя скарбы, якія разам з іншымі нерухомымі і (або) рухомымі артэфактамі захаваліся ў культурным пласце, а таксама ў прыродных i штучных вадаёмах;

1.4. помнікі архітэктуры – будынкі, збудаванні і іншыя аб’екты гаспадарчага, вытворчага, ваеннага або культавага прызначэння, асобныя ці аб’яднаныя ў комплексы і ансамблі (разам з навакольным асяроддзем), аб’екты народнага дойлідства, а таксама звязаныя з указанымі аб’ектамі творы выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога, садова-паркавага мастацтва;

1.5. помнiкi гiсторыi – будынкi, збудаваннi i iншыя аб’екты (у тым ліку тэрыторыі), звязаныя з важнейшымi гiстарычнымi падзеямi, развiццём грамадства i дзяржавы, мiжнароднымi адносiнамi, з развiццём навукi i тэхнiкi, культуры i быту, з жыццём палiтычных, дзяржаўных, ваенных дзеячаў, дзеячаў навукi, лiтаратуры i мастацтва;

1.6. помнікі горадабудаўніцтва – забудова, планіровачная структура або фрагменты населеных пунктаў (разам з навакольным асяроддзем, у тым ліку культурным пластом). Помнікі горадабудаўніцтва, як правіла, з’яўляюцца комплекснымі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі;

1.7. помнікі мастацтва – творы выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога і іншых відаў мастацтва.

2. Матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці падзяляюцца на:

2.1. нерухомыя матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, перамяшчэнне якіх у прасторы патрабуе ажыццяўлення інжынерных мерапрыемстваў і вядзе да частковай або поўнай страты імі іх адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей;

2.2. рухомыя матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, перамяшчэнне якіх у прасторы не звязана са змяненнем іх адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей.

Артыкул 14. Нематэрыяльныя гiсторыка-культурныя каштоўнасцi

Да нематэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей адносяцца звычаi, традыцыi, абрады, фальклор (вусная народная творчасць), мова, яе дыялекты, змест геральдычных, тапанiмiчных аб’ектаў i твораў народнага мастацтва (народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва), iншыя нематэрыяльныя праяўленнi творчасцi чалавека.

Артыкул 15. Выключаны.

Артыкул 16. Катэгорыі гісторыка-культурных каштоўнасцей

1. Гісторыка-культурныя каштоўнасці падзяляюцца на адпаведныя катэгорыі ў залежнасці ад іх гісторыка-культурнай значнасці. Катэгорыя гісторыка-культурным каштоўнасцям надаецца і пры неабходнасці змяняецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь на падставе рашэнняў Навукова-метадычнай рады аб неабходнасці аднясення гісторыка-культурнай каштоўнасці да пэўнай катэгорыі і аб неабходнасці змянення яе катэгорыі.

Катэгорыі, нададзеныя гісторыка-культурным каштоўнасцям, указваюцца ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

2. Матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці падзяляюцца на наступныя катэгорыі:

2.1. катэгорыя «0» – гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія ўключаны або прапанаваны для ўключэння ва ўстаноўленым парадку ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны або Спіс сусветнай спадчыны, што знаходзіцца пад пагрозай;

2.2. катэгорыя «1» – гісторыка-культурныя каштоўнасці, адметныя духоўныя, мастацкія і (або) дакументальныя вартасці якіх маюць міжнародную значнасць;

2.3. катэгорыя «2» – гісторыка-культурныя каштоўнасці, адметныя духоўныя, мастацкія і (або) дакументальныя вартасці якіх маюць нацыянальную значнасць;

2.4. катэгорыя «3» – гісторыка-культурныя каштоўнасці, адметныя духоўныя, мастацкія і (або) дакументальныя вартасці якіх маюць значнасць для асобных рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь.

3. Матэрыяльныя аб’екты, якія ўваходзяць у склад комплексных матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, але якім асобна не нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, лічацца матэрыяльнымі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі без катэгорыі.

4. Нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці падзяляюцца на наступныя катэгорыі:

4.1. катэгорыя «А» – гісторыка-культурныя каштоўнасці, поўная аўтэнтычнасць і дакладнасць якіх безумоўныя і нязменныя;

4.2. катэгорыя «Б» – гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія поўнасцю або часткова адноўлены (зафіксаваны) на другасным матэрыяле ці адметныя духоўныя, мастацкія і (або) дакументальныя вартасці якіх аб’ектыўна з часам могуць змяняцца.

ГЛАВА 4
ВЫЯЎЛЕННЕ МАТЭРЫЯЛЬНЫХ АБ’ЕКТАЎ І НЕМАТЭРЫЯЛЬНЫХ ПРАЯЎЛЕННЯЎ ТВОРЧАСЦІ ЧАЛАВЕКА, ЯКІЯ МОГУЦЬ УЯЎЛЯЦЬ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНУЮ КАШТОЎНАСЦЬ

Артыкул 17. Выяўленне матэрыяльных аб’ектаў і нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека, якія могуць уяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць

1. Матэрыяльныя аб’екты, якія могуць уяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, выяўляюцца шляхам прафесійнага або выпадковага выяўлення.

2. Нематэрыяльныя праяўленні творчасці чалавека, якія могуць уяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, выяўляюцца шляхам прафесійнага выяўлення, у тым ліку носьбітамі гэтых каштоўнасцей.

3. Выяўленыя матэрыяльныя аб’екты і нематэрыяльныя праяўленні творчасці чалавека, якія могуць уяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, падлягаюць фіксацыі, навуковай апрацоўцы і мастацкай ацэнцы ў парадку, устаноўленым Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 18. Прафесійнае выяўленне матэрыяльных аб’ектаў і нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека, якія могуць уяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць

1. Прафесійнае выяўленне матэрыяльных аб’ектаў і нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека, якія могуць уяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, ажыццяўляецца:

1.1. у час прафесійнай навукова-даследчай дзейнасці;

1.2. пры накіраванні матэрыяльных аб’ектаў і нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека, якія могуць уяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь ва ўласнасць дзяржавы.

2. Юрыдычная або фізічная асоба, што ў час прафесійнай навукова-даследчай дзейнасці выявіла матэрыяльны аб’ект або нематэрыяльнае праяўленне творчасці чалавека, якія могуць уяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, абавязана правесці іх фіксацыю, навуковую апрацоўку і мастацкую ацэнку, прыняць меры па іх захаванню (з моманту выяўлення да перадачы ўласніку) і не пазней чым у двухдзённы тэрмін паведаміць у Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь аб выяўленых матэрыяльным аб’екце або нематэрыяльным праяўленні творчасці чалавека.

3. Юрыдычная або фізічная асоба, што ў час прафесійнай навукова-даследчай дзейнасці выявіла матэрыяльны аб’ект або нематэрыяльнае праяўленне творчасці чалавека, якія прадугледжаны падпунктам 1.2 пункта 1 артыкула 21 гэтага Закона і могуць уяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, не мае права распараджацца выяўленымі матэрыяльным аб’ектам або нематэрыяльным праяўленнем творчасці чалавека.

4. Матэрыяльны аб’ект або нематэрыяльнае праяўленне творчасці чалавека, якія могуць уяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, пры накіраванні іх у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь ва ўласнасць дзяржавы па рашэнню Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь перадаюцца ўстановам культуры, іншым юрыдычным асобам.

Артыкул 19. Выпадковае выяўленне матэрыяльных аб’ектаў, якія могуць уяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць

1. Юрыдычная або фізічная асоба, што выпадкова выявіла рухомы матэрыяльны аб’ект, які прадугледжаны падпунктам 1.2 пункта 1 артыкула 21 гэтага Закона і можа ўяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, абавязана прыняць меры па яго захаванню і не пазней чым у двухдзённы тэрмін паведаміць у мясцовы выканаўчы і распарадчы орган або ў тэрытарыяльны орган унутраных спраў аб выяўленым аб’екце.

Мясцовы выканаўчы і распарадчы орган або тэрытарыяльны орган унутраных спраў пасля атрымання паведамлення аб выяўленні рухомага матэрыяльнага аб’екта, які можа ўяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, абавязаны прыняць гэты аб’ект ад асобы, што яго выявіла, у адпаведнасці з актам прыёму, адзін экземпляр якога перадаецца гэтай асобе, і не пазней чым у двухдзённы тэрмін паведаміць у Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь аб выяўленым аб’екце.

Захаванне рухомага матэрыяльнага аб’екта, які можа ўяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, з моманту яго выяўлення да перадачы ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган або тэрытарыяльны орган унутраных спраў забяспечвае юрыдычная або фізічная асоба, што яго выявіла, а з моманту яго перадачы – мясцовы выканаўчы і распарадчы орган або тэрытарыяльны орган унутраных спраў, які прыняў гэты рухомы матэрыяльны аб’ект, ці асоба, вызначаная пісьмовым прадпісаннем Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь пасля атрымання паведамлення аб выяўленні рухомага матэрыяльнага аб’екта, які можа ўяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, у пяцідзённы тэрмін прымае выяўлены аб’ект у адпаведнасці з актам прыёму-перадачы або пры відавочнай беспадстаўнасці меркавання аб наяўнасці ў аб’екта адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей складае акт аб адсутнасці ў выяўленага рухомага матэрыяльнага аб’екта адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей.

2. Юрыдычная або фізічная асоба, што выпадкова выявіла нерухомы матэрыяльны аб’ект (археалагічны аб’ект, элемент дэкору, мастацкага аздаблення, рэшткі роспісу і г.д.), які прадугледжаны падпунктам 1.2 пункта 1 артыкула 21 гэтага Закона і можа ўяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, абавязана безадкладна прыпыніць работы або іншую дзейнасць, якія могуць аказваць уздзеянне на гэты аб’ект, прыняць меры па яго захаванню і паведаміць у Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь або мясцовы выканаўчы і распарадчы орган аб выяўленым аб’екце.

Мясцовы выканаўчы і распарадчы орган пасля атрымання паведамлення аб выяўленні нерухомага матэрыяльнага аб’екта, які можа ўяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, абавязаны не пазней чым у двухдзённы тэрмін паведаміць у Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь аб выяўленым аб’екце.

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь пасля атрымання паведамлення аб выяўленні нерухомага матэрыяльнага аб’екта, які можа ўяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, арганізуе не пазней чым у трохдзённы тэрмін прыезд свайго прадстаўніка на месца выяўлення гэтага аб’екта.

Прадстаўнік Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь пасля агляду на месцы выяўленага нерухомага матэрыяльнага аб’екта, які можа ўяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, выдае пісьмовае прадпісанне, у якім вызначае часовы рэжым утрымання гэтага аб’екта з указаннем тэрміну яго дзеяння, або пры відавочнай беспадстаўнасці меркавання аб наяўнасці ў аб’екта адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей складае акт аб адсутнасці ў выяўленага нерухомага матэрыяльнага аб’екта адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей. Тэрмін дзеяння часовага рэжыму ўтрымання нерухомага матэрыяльнага аб’екта, які можа ўяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, можа быць скарочаны або прадоўжаны Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

Прыпыненыя ў сувязі з выяўленнем нерухомага матэрыяльнага аб’екта работы або іншая дзейнасць аднаўляюцца толькі з пісьмовага дазволу Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Юрыдычнай або фізічнай асобе, што выпадкова выявіла нерухомы матэрыяльны аб’ект, які прадугледжаны падпунктам 1.2 пункта 1 артыкула 21 гэтага Закона і можа ўяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, пакрываюцца страты, прычыненыя ёй прыпыненнем работ або іншай дзейнасці ў сувязі з выяўленнем гэтага аб’екта, у парадку і памерах, вызначаных Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

3. Матэрыяльны аб’ект, выпадкова выяўлены ў парадку, устаноўленым пунктамі 1 і 2 гэтага артыкула, разглядаецца Навукова-метадычнай радай для прыняцця рашэння аб неабходнасці надання яму статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці або аб адсутнасці неабходнасці надання яму такога статусу. У гэтым выпадку аўтарам прапановы аб наданні матэрыяльнаму аб’екту статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці лічыцца асоба, што выпадкова выявіла гэты аб’ект або паведаміла аб ім. Пры гэтым ад названай асобы не патрабуецца ўнясення ў пісьмовай форме прапановы аб наданні матэрыяльнаму аб’екту статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе абгрунтавання.

4. Калі выпадкова выяўленаму матэрыяльнаму аб’екту, прадугледжанаму падпунктам 1.2 пункта 1 артыкула 21 гэтага Закона, нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, ён у адпаведнасці з грамадзянскім заканадаўствам Рэспублікі Беларусь накіроўваецца ва ўласнасць дзяржавы, а ўласнік зямельнага ўчастка або іншай маёмасці, дзе быў выяўлены гэты аб’ект, а таксама асоба, што яго выявіла, маюць права на атрыманне ўзнагароджання ў парадку і на ўмовах, вызначаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

ГЛАВА 5
НАДАННЕ МАТЭРЫЯЛЬНЫМ АБ’ЕКТАМ І НЕМАТЭРЫЯЛЬНЫМ ПРАЯЎЛЕННЯМ ТВОРЧАСЦІ ЧАЛАВЕКА СТАТУСУ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ. УЛІК ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНЫХ КАШТОЎНАСЦЕЙ

Артыкул 20. Крытэрыі адбору матэрыяльных аб’ектаў і нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека для надання ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці

1. Навукова-метадычная рада пры разглядзе прапаноў аб наданні матэрыяльным аб’ектам або нематэрыяльным праяўленням творчасці чалавека статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці зыходзіць з наяўнасці ў прапанаваных для разгляду матэрыяльных аб’ектаў або нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей, што пацвярджаецца адпаведнасцю аднаму з крытэрыяў:

1.1. яны з’яўляюцца:

адным з фактараў фарміравання нацыянальнага менталітэту;

рэдкім ці каштоўным сведчаннем існавання зніклай цывілізацыі;

эпічным творам, створаным або істотна пераасэнсаваным і відазмененым народам Беларусі;

аўтарскім творам мастацтва, створаным на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь або пад уплывам беларускай гісторыі, рэчаіснасці, менталітэту, асяроддзя ці іншых фактараў;

выдатным мастацкім творам, шэдэўрам, створанымі і (або) прызнанымі за межамі Рэспублікі Беларусь;

матэрыяльным аб’ектам або нематэрыяльным праяўленнем творчасці чалавека, асаблівасцямі ладу жыцця, характэрнымі толькі для культуры народа Беларусі;

дакументальнай фіксацыяй, сімвалам або іншым праяўленнем ці абазначэннем з’яў, падзей або працэсаў, якія звязаны з гісторыяй Рэспублікі Беларусь, яе асобных рэгіёнаў, радаводаў ці этнічных груп або маюць міжнароднае значэнне;

выдатным ці арыгінальным вынікам творчага або навукова-тэхнічнага эксперыменту;

рэдкім на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь або выдатным дасягненнем іншага народа;

вынікам або сведчаннем недаследаваных працэсаў;

пахаваннем славутага чалавека, брацкай магілай воінаў, змагароў, якія загінулі за якую-небудзь адзіную высакародную справу, і (або) ахвяр ваенных падзей, узброеных канфліктаў, масавых рэпрэсій;

традыцыйнай тапанімічнай назвай;

1.2. яны з’яўляюцца рэдкім або выдатным узорам:

створанага чалавекам асяроддзя;

выкарыстання ў дзейнасці чалавека прыродных фактараў і асаблівасцей;

збудавання ці іншага твора, якія маюць тыповыя ўласцівасці, характэрныя толькі для культуры народа Беларусі;

збудавання ці іншага твора, прадметаў быту або прадметаў іншага прызначэння пэўнага гістарычнага перыяду, рэгіёна ці этнічнай групы;

твора народнага мастацтва пэўнага гістарычнага перыяду, рэгіёна ці этнічнай групы;

вырашэння гаспадарчых, вытворчых, фартыфікацыйных, арганізацыйных і іншых пытанняў;

стылістычнага напрамку або рэгіянальнай ці этнічнай асаблівасці, выяўленых у любым відзе мастацтва;

1.3. яны непасрэдна звязаны з:

падзеямі або ідэямі і перакананнямі, якія аказалі значны ўплыў на ход гістарычнага, культурнага і (або) духоўнага развіцця чалавецтва і народа Беларусі;

жыццём і дзейнасцю выдатных асоб свету і Рэспублікі Беларусь;

1.4. яны лічацца:

звязанымі з народнымі паданнямі, легендамі, іншымі эпічнымі творамі, народнымі абрадамі;

матэрыяльнымі аб’ектамі, якія маюць выдатныя ўласцівасці;

1.5. яны аказалі (аказваюць) значны ўплыў на развіццё мастацтва, духоўнасць грамадства, светапогляд людзей у пэўны гістарычны перыяд або на тэрыторыі асобнага рэгіёна ці этнічнай групы;

1.6. яны змяшчаюць у сабе недаследаваны (не поўнасцю даследаваны) культурны пласт. 

2. Рашэнне аб неабходнасці надання матэрыяльным аб’ектам статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці можа быць прынята толькі ў адносінах да аўтэнтычнага ці рэстаўрыраванага ў адпаведнасці з навукова-праектнай дакументацыяй матэрыяльнага аб’екта. Пры гэтым з часу першапачатковага стварэння нерухомага матэрыяльнага аб’екта павінна прайсці не менш чым 40 гадоў і ён павінен быць поўнасцю або не менш чым на 90 працэнтаў адноўлены ў адпаведнасці з гістарычнымі данымі на ранейшым месцы.

Артыкул 21. Вылучэнне матэрыяльных аб’ектаў і нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека для надання ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці

1. Матэрыяльны аб’ект або нематэрыяльнае праяўленне творчасці чалавека, якія могуць уяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, вылучаюцца для надання ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці з:

1.1. матэрыяльных аб’ектаў або нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека, якія рэальна існуюць, выкарыстоўваюцца ў дзейнасці чалавека незалежна ад месца іх знаходжання;

1.2. матэрыяльных аб’ектаў або нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека, звесткі аб існаванні якіх да моманту іх выяўлення адсутнічалі і ўласнік якіх невядомы, адмовіўся ад права ўласнасці на іх або страціў права ўласнасці на іх па іншых падставах, прадугледжаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;

1.3. матэрыяльных аб’ектаў або нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека, наяўнасць якіх дакументальна засведчана, пры ўмове адсутнасці бясспрэчных дакументальных звестак аб знішчэнні, страце ці знікненні гэтых матэрыяльных аб’ектаў або нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека.

2. Юрыдычная або фізічная асоба, што выявіла матэрыяльны аб’ект або нематэрыяльнае праяўленне творчасці чалавека, прадугледжаныя пунктам 1 гэтага артыкула, уносіць у Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у пісьмовай форме прапанову аб наданні выяўленым матэрыяльнаму аб’екту або нематэрыяльнаму праяўленню творчасці чалавека статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці з абавязковым яе абгрунтаваннем, за выключэннем выпадку, прадугледжанага пунктам 3 артыкула 19 гэтага Закона.

Артыкул 22. Разгляд прапаноў аб наданні матэрыяльным аб’ектам і нематэрыяльным праяўленням творчасці чалавека статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці

1. Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь пасля атрымання прапановы аб наданні матэрыяльнаму аб’екту або нематэрыяльнаму праяўленню творчасці чалавека статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці паведамляе аб гэтым уласніку (уладальніку) матэрыяльнага аб’екта або носьбіту нематэрыяльнага праяўлення творчасці чалавека, а таксама ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган і арганізуе кваліфікаваны разгляд гэтай прапановы Навукова-метадычнай радай, уключаючы разгляд фіксацыі, навуковай апрацоўкі і мастацкай ацэнкі матэрыяльнага аб’екта або нематэрыяльнага праяўлення творчасці чалавека, для прыняцця рашэння аб неабходнасці надання матэрыяльнаму аб’екту або нематэрыяльнаму праяўленню творчасці чалавека статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці або аб адсутнасці неабходнасці надання ім такога статусу.

2. Мясцовы выканаўчы і распарадчы орган, а таксама ўласнік (уладальнік) матэрыяльнага аб’екта або носьбіт нематэрыяльнага праяўлення творчасці чалавека з моманту атрымання паведамлення, прадугледжанага пунктам 1 гэтага артыкула, і да моманту прыняцця рашэння аб неабходнасці надання матэрыяльнаму аб’екту або нематэрыяльнаму праяўленню творчасці чалавека статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці або аб адсутнасці неабходнасці надання ім такога статусу прымае меры па прыпыненню работ або іншай дзейнасці, якія могуць прывесці да знішчэння або пагрозы знішчэння, страты або пагрозы страты, знікнення або пагрозы знікнення, прычынення шкоды або пагрозы яе прычынення, пагаршэння тэхнічнага стану або пагрозы яго пагаршэння, а таксама да навукова не абгрунтаванага змянення ці пагаршэння ўмоў успрымання названых матэрыяльнага аб’екта або нематэрыяльнага праяўлення творчасці чалавека.

3. Матэрыяльныя аб’екты, вылучаныя для надання ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, падлягаюць ахове, як і матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці без катэгорыі.

4. Навукова-метадычная рада на падставе кваліфікаванага разгляду пры ўмове адсутнасці бясспрэчных дакументальных звестак аб знішчэнні, страце ці знікненні матэрыяльнага аб’екта або нематэрыяльнага праяўлення творчасці чалавека прымае рашэнне аб неабходнасці надання матэрыяльнаму аб’екту або нематэрыяльнаму праяўленню творчасці чалавека статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці або аб адсутнасці неабходнасці надання ім такога статусу. Пры гэтым у рашэнні аб неабходнасці надання матэрыяльнаму аб’екту або нематэрыяльнаму праяўленню творчасці чалавека статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці ўказваецца катэгорыя гісторыка-культурнай каштоўнасці, да якой іх неабходна аднесці.

5. Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці можа быць нададзены матэрыяльнаму аб’екту або нематэрыяльнаму праяўленню творчасці чалавека, якія афіцыйна лічацца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі ў іншых краінах, пры ўмове адсутнасці бясспрэчных дакументальных звестак аб знішчэнні, страце ці знікненні гэтых матэрыяльнага аб’екта або нематэрыяльнага праяўлення творчасці чалавека.

Артыкул 23. Наданне матэрыяльным аб’ектам і нематэрыяльным праяўленням творчасці чалавека статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, пазбаўленне іх такога статусу

1. Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прымае рашэнне аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці матэрыяльнаму аб’екту або нематэрыяльнаму праяўленню творчасці чалавека, па якіх Навукова-метадычнай радай прынята адпаведнае рашэнне аб неабходнасці надання ім такога статусу.

2. Матэрыяльныя аб’екты і нематэрыяльныя праяўленні творчасці чалавека, па якіх Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняты рашэнні аб наданні ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, уключаюцца ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

3. Матэрыяльныя аб’екты і нематэрыяльныя праяўленні творчасці чалавека Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь могуць быць пазбаўлены статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці ў выпадку страты імі іх адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей, якія абумовілі наданне ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, а таксама ў выпадку іх знішчэння, страты ці знікнення ў выніку ўздзеяння прыродных фактараў або іншых сітуацый пры немагчымасці іх аднаўлення. Заключэнне аб немагчымасці навукова абгрунтаванага аднаўлення гэтых гісторыка-культурных каштоўнасцей даецца Навукова-метадычнай радай.

4. Пры неабходнасці вырашэння выключных дзяржаўных задач помнікі археалогіі пасля іх поўнага вывучэння могуць быць пазбаўлены статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Заключэнне аб поўным вывучэнні помнікаў археалогіі даецца Навукова-метадычнай радай.

5. Матэрыяльныя аб’екты і нематэрыяльныя праяўленні творчасці чалавека, пазбаўленыя статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, выключаюцца з Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 24. Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь

1. Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь змяшчае наступныя раздзелы:

1.1. гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. У гэты раздзел уносяцца звесткі аб матэрыяльных і нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях, якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (незалежна ад іх паходжання);

1.2. гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь. У гэты раздзел уносяцца звесткі аб матэрыяльных і нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях, якія пры дакументальна пацверджаным беларускім паходжанні апынуліся за межамі Рэспублікі Беларусь у парадку, што адпавядае нормам міжнароднага права, а таксама звесткі аб нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях, носьбіты якіх пры бясспрэчным (у тым ліку прызнаным імі самімі) беларускім паходжанні (нацыянальнасці) не маюць грамадзянства Рэспублікі Беларусь;

1.3. гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія незаконна знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь. У гэты раздзел уносяцца звесткі аб матэрыяльных і нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях, якія ў парушэнне норм міжнароднага права пры дакументальна пацверджаным беларускім паходжанні апынуліся за межамі Рэспублікі Беларусь;

1.4. гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія зніклі ці страчаны пры нявысветленых абставінах. У гэты раздзел уносяцца звесткі аб матэрыяльных і нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях, наяўнасць якіх дакументальна засведчана, пры ўмове адсутнасці бясспрэчных дакументальных звестак аб знішчэнні гэтых гісторыка-культурных каштоўнасцей;

1.5. гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія знаходзяцца пад пагрозай знішчэння, страты ці знікнення. У гэты раздзел уносяцца звесткі аб матэрыяльных і нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях, якія знаходзяцца пад пагрозай знішчэння, страты ці знікнення, з указаннем прычын, што выклікаюць пагрозу, і мер, неабходных для захавання гэтых гісторыка-культурных каштоўнасцей.

2. Пры ўключэнні комплекснай гісторыка-культурнай каштоўнасці ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь у гэты спіс уключаецца таксама кожны з яе матэрыяльных аб’ектаў або нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека, якія ўваходзяць у склад комплекснай гісторыка-культурнай каштоўнасці і па сваіх адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцях могуць лічыцца асобнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

3. Вядзенне Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь у парадку, устаноўленым Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 25. Пашпарт гiсторыка-культурнай каштоўнасцi

1. На гiсторыка-культурную каштоўнасць складаецца пашпарт гiсторыка-культурнай каштоўнасцi адзiнага ўзору.

2. У пашпарце гiсторыка-культурнай каштоўнасцi ўказваюцца поўныя навуковыя i фактычныя звесткi аб гэтай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi (апiсваюцца яе гiсторыя, сучасны тэхнiчны стан, указваецца яе месцазнаходжанне, змяшчаюцца ўлiковыя даныя, ацэнка яе гiстарычнага, навуковага, мастацкага, культурнага або iншага значэння, указваюцца элементы, якiя маюць свае адметныя духоўныя, мастацкiя i (або) дакументальныя вартасцi, звесткi аб уласнiку (уладальнiку) матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi або носьбіце нематэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, дата i нумар ахоўнага абавязацельства, звесткi аб зонах аховы нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасці, навукова-праектнай дакументацыi, яе выканаўцах, а таксама дадатковыя звесткi аб падзеях i асобах, звязаных з гэтай гiсторыка-культурнай каштоўнасцю, архiўныя i бiблiяграфiчныя крынiцы, графiчны матэрыял).

3. Пры атрыманнi новых звестак аб гiсторыка-культурнай каштоўнасцi ў пашпарт гэтай гісторыка-культурнай каштоўнасці ўносяцца адпаведныя дапаўненнi i (або) змяненнi.

4. У пашпарце гісторыка-культурнай каштоўнасці ўказваецца катэгорыя гэтай гісторыка-культурнай каштоўнасці са спасылкай на адпаведную пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

5. Форма пашпарта гісторыка-культурнай каштоўнасці i парадак яго запаўнення ўстанаўлiваюцца Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь.

6. Складанне пашпарта гісторыка-культурнай каштоўнасці ажыццяўляецца за кошт сродкаў яе ўласнiка (уладальніка) або ўладальніка зямельнага ўчастка, на якім размешчаны помнік археалогіі, а таксама iншых крынiц фiнансавання, не забароненых заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 26. Банк звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь

1. У мэтах захавання і сістэматызацыі звестак аб адметных выніках і сведчаннях гістарычнага, культурнага і духоўнага развіцця народа Беларусі, аб страчаных матэрыяльных аб’ектах і нематэрыяльных праяўленнях творчасці чалавека, наяўнасць якіх дакументальна засведчана і якія маглі б атрымаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, а таксама ў мэтах выканання работ па збору, сістэматызацыі і захаванню навукова-даследчых, выдавецкіх і іншых матэрыялаў, што датычацца гісторыка-культурных каштоўнасцей, фарміруецца Банк звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь.

2. Фарміраванне Банка звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь або ўпаўнаважанай ім арганізацыяй за кошт сродкаў, прадугледжаных у рэспубліканскім бюджэце на спецыяльныя сацыяльныя праграмы і мерапрыемствы ў галіне культуры, іншых крыніц фінансавання, не забароненых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

3. Выключаны.

4. Парадак фарміравання Банка звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь і парадак азнаямлення з інфармацыяй, якая змяшчаецца ў ім, устанаўліваюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

ГЛАВА 6
ЗАХАВАННЕ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНЫХ КАШТОЎНАСЦЕЙ

Артыкул 27. Меры па захаванню гісторыка-культурных каштоўнасцей

1. Захаванне гісторыка-культурных каштоўнасцей уключае ў сябе сістэму арганізацыйных, прававых, эканамічных, матэрыяльна-тэхнічных, навуковых, інфармацыйных і іншых мер, накіраваных на недапушчэнне знішчэння або пагрозы знішчэння, страты або пагрозы страты, знікнення або пагрозы знікнення, прычынення шкоды або пагрозы яе прычынення, пагаршэння тэхнічнага стану або пагрозы яго пагаршэння, а таксама навукова не абгрунтаванага змянення, пагаршэння ўмоў успрымання гісторыка-культурных каштоўнасцей (навакольнага асяроддзя і зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей).

2. Дзейнасць, якая можа аказваць уздзеянне на гісторыка-культурныя каштоўнасці, павінна ажыццяўляцца з улікам неабходнасці безумоўнага захавання адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей гэтых каштоўнасцей.

Артыкул 28. Забеспячэнне захавання нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей

1. Для забеспячэння захавання нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей (іх навакольнага асяроддзя і зон аховы) перамяшчэнне гэтых нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, знішчэнне або стварэнне пагрозы знішчэння нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей (іх навакольнага асяроддзя і зон аховы), прычыненне ім шкоды або стварэнне пагрозы яе прычынення, пагаршэнне тэхнічнага стану або стварэнне пагрозы яго пагаршэння, а таксама навукова не абгрунтаванае змяненне і пагаршэнне ўмоў успрымання гэтых нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей (іх навакольнага асяроддзя і зон аховы) забараняюцца, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных пунктамі 2 і 3 гэтага артыкула.

2. Перамяшчэнне нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці дапускаецца ў выключных выпадках толькі з дазволу Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь пры немагчымасці яе захавання на месцы і наяўнасці навукова-праектнай дакументацыі на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на гэтай каштоўнасці з мэтай яе аднаўлення ва ўмовах, прыдатных для забеспячэння захавання нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Немагчымасць захавання нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці на месцы ўстанаўліваецца Навукова-метадычнай радай.

3. Стварэнне пагрозы знішчэння нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці (яе навакольнага асяроддзя і зон аховы) і прычынення ёй шкоды, пагаршэнне тэхнічнага стану або стварэнне пагрозы яго пагаршэння, а таксама навукова не абгрунтаванае змяненне і пагаршэнне ўмоў успрымання нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці (яе навакольнага асяроддзя і зон аховы) дапускаюцца толькі па рашэнню Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, калі іх неабходнасць выклікана правядзеннем мерапрыемстваў па ліквідацыі вынікаў стыхійных бедстваў, катастроф, ваенных дзеянняў.

4. Пры выкананні патрабаванняў пажарнай бяспекі, аховы навакольнага асяроддзя, санітарных і іншых патрабаванняў, а таксама пры выкананні навукова-даследчых, праектных i рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi і (або) у зонах яе аховы не дапускаюцца змяненне гэтай гісторыка-культурнай каштоўнасці, пагаршэнне яе адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей.

5. На нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці ўстанаўліваецца ахоўная дошка, на якой змяшчаецца інфармацыя аб прыналежнасці гэтай нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці да гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.

Ахоўныя дошкі адзінай формы, якая зацвярджаецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, устанаўліваюцца і захоўваюцца за кошт сродкаў уласнiка (уладальніка) гісторыка-культурнай каштоўнасці або ўладальніка зямельнага ўчастка, на якім размешчаны помнік археалогіі, а таксама iншых крынiц фiнансавання, не забароненых заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

6. На нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці ў адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь можа ўстанаўлівацца распазнавальны знак.

Артыкул 29. Зоны аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей

1. Для забеспячэння захавання нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей і іх навакольнага асяроддзя ўстанаўліваюцца межы тэрыторый нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей і наступныя зоны аховы гэтых гісторыка-культурных каштоўнасцей:

1.1. ахоўная зона;

1.2. зона рэгулявання забудовы;

1.3. зона аховы ландшафту;

1.4. зона аховы культурнага пласта.

11. Для нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, якія размешчаны побач або ўваходзяць у склад комплексных гісторыка-культурных каштоўнасцей, устанаўліваюцца агульныя зоны аховы.

2. Зоны аховы нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасці і іх рэжымы ўтрымання i выкарыстання вызначаюцца праектам зон аховы нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасці, які распрацоўваецца для гэтай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi і зацвярджаецца Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь.

Рэжымамi ўтрымання i выкарыстання зон аховы нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасці прадугледжваюцца абмежаванне або поўная забарона дзейнасцi, якая стварае пагрозу захаванню гэтай гiсторыка-культурнай каштоўнасці (яе навакольнаму асяроддзю) i ўмовам яе ўтрымання i выкарыстання.

Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi распрацоўваецца за кошт сродкаў уласнiка (уладальніка) гэтай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi або ўладальніка зямельнага ўчастка, на якім размешчаны помнік археалогіі, а таксама iншых крынiц фiнансавання, не забароненых заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Парадак распрацоўкі праектаў зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей устанаўліваецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

3. Распрацоўка горадабудаўнічай і землеўпарадкавальнай дакументацыі, а таксама іншай праектнай дакументацыі, рэалізацыя якіх можа аказаць уздзеянне на гісторыка-культурныя каштоўнасці, без нанясення ўстаноўленых зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей або без іх устанаўлення забараняецца.

4. Усе віды работ у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей выконваюцца толькі ў межах патрабаванняў рэжымаў утрымання і выкарыстання гэтых зон аховы.

Артыкул 30. Забеспячэнне захавання рухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей

1. Для забеспячэння захавання рухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей забараняюцца:

1.1. знішчэнне або стварэнне пагрозы знішчэння, страта або стварэнне пагрозы страты, знікненне або стварэнне пагрозы знікнення, прычыненне шкоды або стварэнне пагрозы яе прычынення, пагаршэнне тэхнічнага стану або стварэнне пагрозы яго пагаршэння, а таксама навукова не абгрунтаванае змяненне рухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей;

1.2. разукамплектаванне комплексных рухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей.

2. У выпадку, калі адна і тая ж рухомая матэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць належыць і да камплекта, і да калекцыі, перавага аддаецца калекцыі. Пры неабходнасці ў прызначаны (сабраны) для канкрэтных мэт камплект уключаецца копія рухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, створаная за кошт уласніка калекцыі.

Артыкул 31. Забеспячэнне захавання нематэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей

1. Для забеспячэння захавання нематэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і мясцовыя выканаўчыя i распарадчыя органы прымаюць меры для захавання i аднаўлення ўмоў iснавання, развiцця i перадачы нашчадкам традыцый або народных промыслаў (рамёстваў), асаблiвасцей ладу жыцця, характэрных толькi для культуры народа Беларусi, фактараў фармiравання нацыянальнага менталiтэту, а таксама заахвочваюць (у тым лiку матэрыяльна) iх носьбiтаў у захаваннi, развiццi i перадачы нашчадкам зместу гэтых каштоўнасцей.

2. Стварэнне перашкод iснаванню, развiццю i перадачы нашчадкам нематэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей, а таксама iстотнае змяненне ўмоў iх iснавання, развiцця i перадачы нашчадкам забараняюцца.

Артыкул 32. Прадухіленне пагрозы захаванню матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей

1. У нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях (іх навакольным асяроддзі і зонах аховы), а таксама ў памяшканнях, дзе знаходзяцца рухомыя матэрыяльныя гiсторыка-культурныя каштоўнасцi, вытворчасць, размяшчэнне, захоўванне, утрыманне машын, механiзмаў, рэчываў, ажыццяўленне iншай дзейнасцi, якая стварае дынамiчныя i вiбрацыйныя ўздзеяннi, неспрыяльны тэмпературна-вiльготнасны рэжым, хiмiчнае, радыяцыйнае, механiчнае забруджанне, выбуховую i пажаранебяспечную пагрозу, iншыя пагрозы захаванню гэтых гiсторыка-культурных каштоўнасцей, забараняюцца.

2. Пры выяўленні дзейнасці юрыдычных і (або) фізічных асоб, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, якая стварае пагрозу захаванню нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей (іх навакольнаму асяроддзю і зонам аховы), Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь абавязана ў трохдзённы тэрмін з моманту выяўлення такой пагрозы выдаць юрыдычным і (або) фізічным асобам, у тым ліку індывідуальным прадпрымальнікам, абавязковыя для выканання пісьмовыя прадпісанні аб неабходнасці змяненняў у іх дзейнасці або аб поўнай яе забароне.

3. Калі рух транспартных сродкаў, самаходных сельскагаспадарчых, меліярацыйных і дарожна-будаўнічых машын на дарогах, прылеглых да нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей або зон іх аховы, або дзейнасць камунікацыйных ліній ствараюць пагрозу захаванню гэтых гісторыка-культурных каштоўнасцей або зонам іх аховы, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, іншыя юрыдычныя і (або) фізічныя асобы, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, у валоданні якіх знаходзяцца дарогі, камунікацыйныя лініі, абавязаны па прадпісанню Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь абмежаваць або поўнасцю спыніць рух транспартных сродкаў, самаходных сельскагаспадарчых, меліярацыйных і дарожна-будаўнічых машын на гэтых дарогах, абмежаваць або спыніць дзейнасць камунікацыйных ліній.

4. Калі юрыдычныя і (або) фізічныя асобы, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, не маюць магчымасці абмежаваць або спыніць дзейнасць, прадугледжаную пунктам 3 гэтага артыкула, яны павінны ў парадку, устаноўленым артыкулам 48 гэтага Закона, выплачваць кампенсацыю за шкоду, што прычыняецца нерухомым матэрыяльным гісторыка-культурным каштоўнасцям або зонам іх аховы.

5. Пры выяўленні гаспадарчай або іншай дзейнасці юрыдычных і (або) фізічных асоб, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, якая прыводзіць да забруджання паветранага ці воднага басейна і стварае пагрозу захаванню нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей або зонам іх аховы, вінаватыя юрыдычныя і (або) фізічныя асобы, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, абавязаны па прадпісанню Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь абмежаваць гэту дзейнасць, а пры немагчымасці яе абмежавання павінны ў парадку, прадугледжаным артыкулам 48 гэтага Закона, выплачваць кампенсацыю за шкоду, што прычыняецца нерухомым матэрыяльным гісторыка-культурным каштоўнасцям або зонам іх аховы.

6. Патрабаванні прадпісанняў аб неабходнасці абмежавання дзейнасці або аб поўнай яе забароне пры адсутнасці пагрозы захаванню нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей або зонам іх аховы могуць быць адменены Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь або судом.

7. Пры праектаванні і выкананні земляных, будаўнічых, меліярацыйных і іншых відаў работ, якія могуць стварыць пагрозу захаванню нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей або зонам іх аховы, ажыццяўляюцца наступныя мерапрыемствы: папярэдняе даследаванне гэтых гісторыка-культурных каштоўнасцей, іх фіксацыя, археалагічныя даследаванні, пры неабходнасці – іх перамяшчэнне, а таксама мерапрыемствы па забеспячэнню ўмоў, неабходных для захавання гэтых нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей і зон іх аховы.

Навукова-праектная дакументацыя на выкананне работ, прадугледжаных часткай першай гэтага пункта, павінна змяшчаць асобны раздзел аб мерапрыемствах па даследаванню і захаванню гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Артыкул 33. Змяненне матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей

1. Пры ажыццяўленні дзейнасці, якая можа аказваць уздзеянне на матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, змяненне гісторыка-культурных каштоўнасцей дапускаецца толькі з дазволу Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь пры ўмове навуковай абгрунтаванасці гэтага змянення і з улікам катэгорыі гісторыка-культурных каштоўнасцей.

2. Рашэнне аб прызнанні змянення матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей навукова абгрунтаваным або навукова не абгрунтаваным прымаецца Навукова-метадычнай радай на падставе навукова-даследчых матэрыялаў.

Артыкул 34. Выключаны.

Артыкул 35. Вываз за межы Рэспублікі Беларусь рухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей

1. Вываз за межы Рэспублікі Беларусь на пастаяннае захоўванне рухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей забараняецца.

2. Часовы вываз за межы Рэспублікі Беларусь рухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей дапускаецца толькі ў межах міжнароднага культурнага абмену і ў выпадку ўзброеных канфліктаў.

3. Часовы вываз за межы Рэспублiкi Беларусь рухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей ажыццяўляецца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

ГЛАВА 7
АДНАЎЛЕННЕ ГIСТОРЫКА-КУЛЬТУРНЫХ КАШТОЎНАСЦЕЙ

Артыкул 36. Вiды работ, якiя выконваюцца на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях і (або) у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей

1. У мэтах забеспячэння захавання матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей на гэтых гiсторыка-культурных каштоўнасцях і (або) у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей выконваюцца навукова-даследчыя, праектныя i рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы.

2. Да навукова-даследчых работ адносяцца:

2.1. археалагiчныя даследаваннi (разведка i раскопкi) – комплекс мерапрыемстваў па ўдакладненню i вывучэнню нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей, у тым лiку правядзенне нагляду пры выкананнi земляных i будаўнiчых работ;

2.2. архiўна-бiблiяграфiчныя даследаваннi – комплекс мерапрыемстваў па вывучэнню архiўных дакументаў, бiблiяграфiчных, навуковых i iншых матэрыялаў, якiя датычацца матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей;

2.3. натурныя даследаваннi – комплекс мерапрыемстваў па высвятленню i ўдакладненню адметных духоўных, мастацкiх i (або) дакументальных вартасцей матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей, уключаючы выкананне зандажу, закладку шурфаў, правядзенне хіміка-фізічных даследаванняў уласцівасцей будаўнічых матэрыялаў, элементаў мастацкага аздаблення і іншых даследаванняў.

3. Матэрыялы навукова-даследчых работ уключаюцца ў склад навукова-праектнай дакументацыі на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях і (або) у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей.

4. Да праектных работ адносіцца комплекс работ па распрацоўцы навукова-праектнай дакументацыі на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях і (або) у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Праектныя работы на матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях і (або) у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей выконваюцца на падставе матэрыялаў навукова-даследчых работ.

Склад, парадак распрацоўкі і ўзгаднення навукова-праектнай дакументацыі на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях і (або) у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей устанаўліваюцца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

5. Да рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ адносяцца:

5.1. аднаўленчыя работы – комплекс мерапрыемстваў, накiраваных на навукова абгрунтаванае поўнае або частковае паўторнае стварэнне матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей (для нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей – абавязкова на месцы iх ранейшага знаходжання);

5.2. дапаўненне – комплекс мерапрыемстваў па стварэнню дапаўненняў да матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей, у тым лiку па завяршэнню ў свой час не рэалiзаваных аўтарскiх задум, а таксама па ўзвядзенню ў месцах страты на тэрыторыях комплексных гісторыка-культурных каштоўнасцей будынкаў, збудаванняў і іншых аб’ектаў паводле спецыяльна распрацаваных праектаў рэгенерацыі гэтых гісторыка-культурных каштоўнасцей з захаваннем аб’ёмна-прасторавай структуры;

5.3. кансервацыя – комплекс мерапрыемстваў па часоваму або доўгатэрмiноваму забеспячэнню захаванасцi тэхнiчнага стану матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей, у тым ліку супрацьаварыйныя работы, з прымяненнем адпаведных метадаў, якiя дазваляюць прадухiлiць яго далейшае пагаршэнне і ствараюць умовы для экспанавання закансерваваных матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей;

5.4. прыстасаванне – комплекс мерапрыемстваў па адаптацыi матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей да патрэб i асаблiвасцей сучаснага тэхнiчнага ўтрымання без дапушчэння страты імі адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей, якiя абумовiлi наданне iм статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi;

5.5. рамонт – комплекс мерапрыемстваў па паляпшэнню тэхнiчнага стану матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей без унясення змяненняў у iх канструкцыйнае i (або) эстэтычнае вырашэнне;

5.6. раскрыццё – комплекс мерапрыемстваў па пазбаўленню гiсторыка-культурных каштоўнасцей ад пазнейшых дысануючых напластаванняў;

5.7. рэгенерацыя – комплекс мерапрыемстваў па аднаўленню цэласнасцi i агульнага кампазiцыйнага вырашэння матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей (у асноўным комплексных гiсторыка-культурных каштоўнасцей) і (або) гістарычнага характару тэрыторыі зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей;

5.8. рэканструкцыя – комплекс мерапрыемстваў па паляпшэнню тэхнiчнага стану i функцыянальных асаблiвасцей матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей з дапушчэннем частковых змяненняў iх канструкцыйных i неiстотных фiзiчных уласцiвасцей, якія не вядуць да змянення гэтых гiсторыка-культурных каштоўнасцей;

5.9. рэстаўрацыя – комплекс мерапрыемстваў па навукова абгрунтаванаму аднаўленню страчаных фрагментаў матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей, а таксама iх адметных духоўных, мастацкiх i (або) дакументальных вартасцей, якiя абумовiлi наданне iм статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi.

Артыкул 37. Выкананне работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях і (або) у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей

1. Навукова-даследчыя, праектныя і рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы на матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях і (або) у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей могуць выконвацца толькi з дазволу Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь.

Дазвол на правядзенне археалагiчных даследаванняў выдаецца Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь пасля прадастаўлення Нацыянальнай акадэмiяй навук Беларусi iх выканаўцам права на правядзенне археалагiчных даследаванняў. Дакументацыя археалагiчных даследаванняў захоўваецца ў архiве Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi.

Дазвол на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях катэгорый «0», «1» і (або) у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей катэгорый «0», «1» выдаецца Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь пасля ўзгаднення навукова-праектнай дакументацыі на выкананне ўказаных рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ у адпаведнасці з пунктам 2 артыкула 43 гэтага Закона.

2. Дазвол Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь на выкананне работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях і (або) у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей не вызваляе заказчыкаў ад неабходнасцi афармлення дакументаў у іншых дзяржаўных органах на выкананне такiх работ у выпадках, прадугледжаных заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

3. Парадак выдачы дазволу Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь на выкананне работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях і (або) у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей устанаўлiваецца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 38. Работы па забеспячэнню належнага тэхнiчнага i санiтарнага стану матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей

Работы па забеспячэнню належнага тэхнiчнага i санiтарнага стану матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей (акрамя работ на фасадах), у тым лiку работы па iх рамонту ў межах ахоўнага абавязацельства, прадугледжанага артыкулам 44 гэтага Закона, а таксама работы па пераўладкаванню і (або) перапланіроўцы жылых памяшканняў, размешчаных у будынках, якія з’яўляюцца матэрыяльнымі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі (акрамя работ па пераўладкаванню і (або) перапланіроўцы жылых памяшканняў, якія з’яўляюцца матэрыяльнымі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, і работ па замене запаўненняў дзвярных і аконных праёмаў, па зашкленню лоджый і балконаў), могуць выконвацца на гэтых гiсторыка-культурных каштоўнасцях штодзённа або з iншай перыядычнасцю без атрымання дазволу Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 39. Асобы, якiя дапускаюцца да кiраўнiцтва распрацоўкай навукова-праектнай дакументацыi на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях і (або) у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей

Да кiраўнiцтва распрацоўкай навукова-праектнай дакументацыi на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях і (або) у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, у тым лiку да правядзення аўтарскага нагляду за выкананнем указаных рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ, дапускаюцца асобы, якiя маюць пасведчанне на кiраўнiцтва распрацоўкай навукова-праектнай дакументацыi на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях і (або) у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, за выключэннем выпадку, прадугледжанага артыкулам 42 гэтага Закона.

Артыкул 40. Пасведчаннi на кiраўнiцтва распрацоўкай навукова-праектнай дакументацыi на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях і (або) у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей

1. Пасведчаннi на кiраўнiцтва распрацоўкай навукова-праектнай дакументацыi на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях і (або) у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей выдаюцца Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь на падставе рашэнняў аб адпаведнасцi квалiфiкацыйным патрабаванням кандыдатаў на iх атрыманне.

2. Рашэнні аб адпаведнасцi квалiфiкацыйным патрабаванням кандыдатаў на атрыманне пасведчанняў на кiраўнiцтва распрацоўкай навукова-праектнай дакументацыi на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях і (або) у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей (у тым ліку на правядзенне аўтарскага нагляду за выкананнем указаных рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ, правядзенне археалагічных даследаванняў пры распрацоўцы навукова-праектнай дакументацыі на выкананне гэтых рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ) прымаюцца Навукова-метадычнай радай.

3. Парадак выдачы пасведчанняў на кiраўнiцтва распрацоўкай навукова-праектнай дакументацыi на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях і (або) у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей устанаўлiваецца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 41. Навуковы кіраўнік

1. Пры выкананні работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях і (або) у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, за выключэннем работ, прадугледжаных артыкулам 38 гэтага Закона, назначаецца навуковы кiраўнiк.

2. Навуковы кiраўнiк ажыццяўляе кіраўніцтва распрацоўкай навукова-праектнай дакументацыi на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці і (або) у зонах аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, а таксама кіраўніцтва ходам указаных рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ, праводзiць аўтарскi нагляд за іх выкананнем і нясе персанальную адказнасць за захаванне адметных духоўных, мастацкiх i (або) дакументальных вартасцей матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасці, навуковую абгрунтаванасць праектных рашэнняў i iх рэалiзацыю.

Навуковы кіраўнік, як правіла, уваходзіць у склад творчага калектыву, які выконвае навукова-даследчыя і (або) праектныя работы на матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці і (або) у зонах аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

3. Пры выкананні работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях катэгорый «0», «1», «2» і (або) у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей катэгорый «0», «1», «2» навуковыя кiраўнiкi назначаюцца Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь па прадстаўленню заказчыкаў або кiраўнiцтва праектных цi навукова-даследчых устаноў на падставе рашэння Навукова-метадычнай рады, прынятага пры наяўнасці ўзгаднення іх назначэння з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі.

Пры выкананні работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях катэгорыi «3» і (або) у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей катэгорыі «3» навуковыя кiраўнiкi назначаюцца Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь па прадстаўленню заказчыкаў або кiраўнiцтва праектных цi навукова-даследчых устаноў.

4. Замена навуковага кiраўнiка забараняецца, за выключэннем выпадкаў:

4.1. пiсьмовай адмовы навуковага кiраўнiка ад выканання сваiх абавязкаў i функцый;

4.2. невыканання навуковым кiраўнiком сваiх абавязкаў i функцый;

4.3. немагчымасцi выканання навуковым кiраўнiком сваiх абавязкаў i функцый з прычыны хваробы, выезду на пастаяннае месца жыхарства за межы Рэспублiкi Беларусь, пераходу на работу, выкананне якой не звязана з праектнай i рэстаўрацыйнай дзейнасцю;

4.4. iншых устаноўленых заключэннем Навукова-метадычнай рады выпадкаў, калi навуковы кiраўнiк не можа выконваць свае абавязкi i функцыi.

5. Навуковыя кiраўнiкі ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь атрымлiваюць узнагароджанне за выкананне работ, прадугледжаных часткай першай пункта 2 гэтага артыкула, за кошт юрыдычных i (або) фiзiчных асоб, у тым лiку iндывiдуальных прадпрымальнiкаў, зацiкаўленых у выкананнi гэтых работ.

6. Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь устанаўліваецца парадак назначэння навуковага кіраўніка і вызначаюцца яго правы, абавязкі і функцыі.

Артыкул 42. Асобы, якiя могуць быць дапушчаны да кiраўнiцтва распрацоўкай навукова-праектнай дакументацыi на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях без катэгорыi і (або) у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей без катэгорыі

Да кiраўнiцтва распрацоўкай навукова-праектнай дакументацыi на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях без катэгорыi і (або) у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей без катэгорыі, у тым лiку да правядзення аўтарскага нагляду за выкананнем указаных рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ, могуць быць дапушчаны асобы, якiя не маюць пасведчання на кiраўнiцтва распрацоўкай навукова-праектнай дакументацыi на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях і (або) у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, пры ўмове наяўнасцi ў iх адпаведнай квалiфiкацыi, што дазваляе забяспечыць якаснае выкананне гэтых работ.

Артыкул 43. Узгадненне навукова-праектнай дакументацыi на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях і (або) у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей

1. Навукова-праектная дакументацыя на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях і (або) у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей, якiя выходзяць за межы патрабаванняў рэжымаў утрымання i выкарыстання гэтых зон аховы, узгадняецца з Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь.

2. Навукова-праектная дакументацыя на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях катэгорый «0», «1» і (або) у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей катэгорый «0», «1» узгадняецца з Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь на падставе заключэння Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

3. Навукова-праектная дакументацыя на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях катэгорый «0», «1», «2» і (або) у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей катэгорый «0», «1», «2», якія могуць прывесцi да iстотнага змянення гэтых гiсторыка-культурных каштоўнасцей, іх знішчэння, страты ці знікнення, папярэдне разглядаецца на пасяджэннi Навукова-метадычнай рады. Навукова-праектная дакументацыя на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях катэгорый «0», «1», «2» і (або) у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей катэгорый «0», «1», «2», якая не адобрана Навукова-метадычнай радай, узгадненню не падлягае.

Неабходнасць разгляду Навукова-метадычнай радай навукова-праектнай дакументацыi на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях і (або) у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, не ўказаных у частцы першай гэтага пункта, вызначаецца Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь.

Выдаткi, звязаныя з разглядам Навукова-метадычнай радай навукова-праектнай дакументацыi на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях і (або) у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, кампенсуюцца заказчыкамі навукова-праектнай дакументацыi.

4. Юрыдычныя i фiзiчныя асобы, у тым лiку iндывiдуальныя прадпрымальнiкi, якiя з’яўляюцца заказчыкамi навукова-праектнай дакументацыi на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях і (або) у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, у абавязковым парадку павiнны бязвыплатна перадаваць у Банк звестак аб гiсторыка-культурнай спадчыне Рэспублiкi Беларусь устаноўленыя Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь раздзелы гэтай навукова-праектнай дакументацыi, якiя датычацца выканання рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях i (або) у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей.

5. У працэсе падрыхтоўкi навукова-праектнай дакументацыi на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях i (або) у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей, а таксама пры яе ўзгадненнi прызнаецца прыярытэт аховы гiсторыка-культурнай спадчыны.

6. Узгадненне з Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь навукова-праектнай дакументацыi на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях i (або) у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей не вызваляе ад неабходнасцi яе ўзгаднення з iншымi дзяржаўнымi органамi ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

ГЛАВА 8
УТРЫМАННЕ І ВЫКАРЫСТАННЕ ГIСТОРЫКА-КУЛЬТУРНЫХ КАШТОЎНАСЦЕЙ

Артыкул 44. Ахоўныя абавязацельствы

1. Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь для матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей могуць вызначацца iндывiдуальныя ўмовы іх утрымання i выкарыстання, устанаўлiвацца парадак выканання работ на гэтых гiсторыка-культурных каштоўнасцях, патрабаваннi па забеспячэнню іх захавання, у тым лiку ў выпадках надзвычайных сiтуацый цi ў перыяд узброеных канфлiктаў, а таксама iншыя абмежаваннi дзейнасцi іх уласнiкаў (уладальнiкаў) і карыстальнiкаў, уладальнікаў зямельных участкаў, на якіх размешчаны помнікі археалогіі. Гэтыя патрабаваннi фiксуюцца ў ахоўным абавязацельстве, складзеным па форме, устаноўленай Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, і падлягаюць выкананню ўсiмi юрыдычнымi i фiзiчнымi асобамi, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі.

2. Ахоўнае абавязацельства падпiсваецца ўласнiкам (уладальнікам) гiсторыка-культурнай каштоўнасцi або ўладальнікам зямельнага ўчастка, на якім размешчаны помнік археалогіі, у тэрмін, прадугледжаны пунктамі 2 і 3 артыкула 53 гэтага Закона.

Артыкул 45. Асаблівасці выкарыстання матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей

1. Выкарыстанне матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей (навакольнага асяроддзя нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей і зон іх аховы) павiнна ажыццяўляцца ў адпаведнасцi з iх гiсторыка-культурнай значнасцю, а таксама згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, індывідуальнымі ўмовамі іх утрымання і выкарыстання, вызначанымi Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь, з улікам неабходнасці забеспячэння захавання гэтых гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Асаблівасці выкарыстання матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей, уключаных у культурна-гiстарычны фонд Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь, устанаўлiваюцца заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь у сферы дзейнасцi з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi.

2. Выкарыстанне матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей (навакольнага асяроддзя нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей і зон іх аховы) у мэтах, звязаных з дзейнасцю Узброеных Сiл Рэспублiкi Беларусь i iншых воінскіх фармiраванняў, якія ствараюцца ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь у мiрны i ваенны час, а таксама знаходжанне матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей на тэрыторыi, занятай такімі воінскімі фармiраваннямі, забараняюцца.

3. Выкарыстанне матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей (навакольнага асяроддзя нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей і зон іх аховы) у выпадку ўзброенага канфлiкту, калі гэта стварае пагрозу захаванню гэтых каштоўнасцей (навакольнаму асяроддзю нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей і зонам іх аховы), а таксама ўчыненне якога-небудзь iншага акта, накiраванага супраць гэтых каштоўнасцей (навакольнага асяроддзя нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей і зон іх аховы), забараняюцца, за выключэннем неабходнасцi вырашэння выключных дзяржаўных задач у ваенны час.

Артыкул 46. Неадпаведнае выкарыстанне гiсторыка-культурных каштоўнасцей

1. Неадпаведнае выкарыстанне гiсторыка-культурных каштоўнасцей (не ў адпаведнасцi з iх гiсторыка-культурнай значнасцю) вядзе да спагнання з iх карыстальнiкаў у парадку, прадугледжаным артыкулам 48 гэтага Закона, кампенсацыi за шкоду, што прычыняецца гiсторыка-культурным каштоўнасцям або зонам іх аховы неадпаведным іх выкарыстаннем, i за абмежаванне ў сувязi з гэтым доступу грамадзян да гісторыка-культурных каштоўнасцей.

2. Выкарыстанне гiсторыка-культурных каштоўнасцей па iх першапачатковаму прызначэнню не лiчыцца неадпаведным выкарыстаннем.

Артыкул 47. Прадпрымальніцкая дзейнасць, якая аказвае непасрэднае ўздзеянне на гісторыка-культурную каштоўнасць або зоны аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці

1. Прадпрымальніцкая дзейнасць, якая аказвае непасрэднае ўздзеянне на гісторыка-культурную каштоўнасць або зоны аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці шляхам стварэння дадатковых транспартных нагрузак, прыўнясення функцый, не характэрных для гэтай каштоўнасці, стварэння дадатковых аб’ёмна-прасторавых збудаванняў, не ўласцівых і не характэрных для гэтай гісторыка-культурнай каштоўнасці, не можа ажыццяўляцца без пагаднення, заключанага ў пісьмовай форме з уласнікам гісторыка-культурнай каштоўнасці, і дазволу, атрыманага ў адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 33 гэтага Закона.

2. Юрыдычныя і фізічныя асобы, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, якія ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць у адпаведнасці з пагадненнем, прадугледжаным пунктам 1 гэтага артыкула, абавязаны штогод у парадку, устаноўленым Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, рабіць адлічэнні ў фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва. Памеры такіх адлічэнняў складаюць для юрыдычных і фізічных асоб Рэспублікі Беларусь, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, 5 працэнтаў, для замежных юрыдычных і фізічных асоб – 25 працэнтаў ад прыбытку, атрыманага ў выніку дзейнасці, якая аказала непасрэднае ўздзеянне на гісторыка-культурную каштоўнасць або зоны аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Артыкул 48. Парадак выплаты кампенсацыі за шкоду, што прычыняецца гісторыка-культурным каштоўнасцям або зонам аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей

1. У выпадку, калі юрыдычныя і (або) фізічныя асобы, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, не маюць магчымасці абмежаваць або поўнасцю спыніць дзейнасць, прадугледжаную пунктамі 3 і 5 артыкула 32 і (або) абмежаваную артыкулам 44 гэтага Закона, або дапускаюць неадпаведнае выкарыстанне гісторыка-культурных каштоўнасцей, прадугледжанае артыкулам 46 гэтага Закона, яны павінны выплачваць у фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва кампенсацыю за шкоду, прычыненую гэтым гісторыка-культурным каштоўнасцям або зонам аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, і за абмежаванне ў сувязі з гэтым доступу грамадзян да гісторыка-культурных каштоўнасцей. Кампенсацыя выплачваецца ў памеры да 5 працэнтаў ад прыбытку, атрыманага ў выніку дзейнасці, якая прычыніла шкоду гісторыка-культурным каштоўнасцям або зонам аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей. Калі юрыдычныя і (або) фізічныя асобы, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, не ажыццяўляюць прадпрымальніцкай дзейнасці, звязанай з атрыманнем прыбытку, яны павінны штомесяц выплачваць фіксаваную суму кампенсацыі ў фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва.

2. Працэнт адлічэнняў ці фіксаваная сума кампенсацыі за шкоду, прычыненую гісторыка-культурным каштоўнасцям або зонам аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, і парадак іх выплаты ўстанаўліваюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

ГЛАВА 9
ПРАВА ЎЛАСНАСЦІ НА ГIСТОРЫКА-КУЛЬТУРНЫЯ КАШТОЎНАСЦI

Артыкул 49. Прававое рэгуляванне пытанняў уласнасцi на гiсторыка-культурныя каштоўнасцi

1. Падставы ўзнiкнення i парадак ажыццяўлення права ўласнасцi на гiсторыка-культурныя каштоўнасцi, вызначэнне права ўласнасцi на матэрыяльныя аб’екты або нематэрыяльныя праяўленні творчасці чалавека, якiя могуць уяўляць гiсторыка-культурную каштоўнасць i на момант iх выяўлення або надання iм статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi не маюць уласнiка, а таксама парадак выкупу гiсторыка-культурных каштоўнасцей, што ўтрымліваюцца безгаспадарна, вызначаюцца гэтым Законам і грамадзянскiм заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

2. Пры наданні матэрыяльным аб’ектам і нематэрыяльным праяўленням творчасці чалавека статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi права ўласнасцi на іх захоўваецца.

Артыкул 50. Суб’екты права ўласнасцi на гiсторыка-культурныя каштоўнасцi

1. Гiсторыка-культурныя каштоўнасцi могуць знаходзiцца ва ўласнасцi Рэспублiкi Беларусь, адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Рэспублікі Беларусь, юрыдычных i фiзiчных асоб, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў.

2. Асобныя гiсторыка-культурныя каштоўнасцi могуць быць аднесены законам да аб’ектаў, якiя знаходзяцца толькi ва ўласнасцi Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 51. Правы ўласніка матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Правы ўласніка калекцыі

1. Уласнік матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці апрача іншых правоў, якія ў адпаведнасці з грамадзянскім заканадаўствам Рэспублікі Беларусь належаць яму як уласніку, мае права:

1.1. перадаваць гісторыка-культурную каштоўнасць на захоўванне дзяржаўным органам і ўстановам з вызначэннем умоў яе ўтрымання і выкарыстання;

1.2. карыстацца пераважным правам набыцця іншых састаўных частак гісторыка-культурнай каштоўнасці, якія знаходзяцца ў агульнай уласнасці;

1.3. на матэрыяльную дапамогу за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, для выканання работ на гісторыка-культурнай каштоўнасці ў межах ахоўнага абавязацельства пры адсутнасці ўласных сродкаў.

2. Уласнік калекцыі (яе часткі) мае права на бязвыплатнае атрыманне ад дзяржаўных музеяў, бібліятэк і (або) архіваў, іншых дзяржаўных арганізацый наступных паслуг:

2.1. вызначэнне індывідуальных умоў утрымання і выкарыстання калекцыі ў цэлым і (або) яе асобных прадметаў;

2.2. дапамога ў правядзенні навуковай інвентарызацыі і навуковай апрацоўкі прадметаў калекцыі;

2.3. захаванне ў дзяржаўных установах адпаведнага профілю прадметаў калекцыі. Пры гэтым дзяржаўная ўстанова мае права на выкарыстанне для мэт навукі і экспанавання прадметаў калекцыі (яе часткі або асобнага прадмета), перададзеных ёй на захоўванне;

2.4. гарантыя бяспекі калекцыі і (або) яе асобных прадметаў у час экспанавання і (або) перавозкі.

3. Па жаданню ўласніка калекцыі (яе часткі або асобнага прадмета) Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, а таксама дзяржаўныя музеі, бібліятэкі і (або) архівы, іншыя дзяржаўныя арганізацыі, прыцягнутыя да аказання паслуг, прадугледжаных пунктам 2 гэтага артыкула, абавязаны гарантаваць канфідэнцыяльнасць звестак аб уласніку калекцыі (яе часткі або асобнага прадмета).

Артыкул 52. Абмежаванне правоў уласнiка (уладальніка) матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, уладальніка зямельнага ўчастка, на якім размешчаны помнік археалогіі

Уласнiку (уладальніку) матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, уладальніку зямельнага ўчастка, на якім размешчаны помнік археалогіі, забараняецца:

знішчаць гісторыка-культурную каштоўнасць;

дапускаць прычыненне шкоды, змяненне гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, выконваць без дазволу Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь работы на гэтай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi і (або) у зонах аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, за выключэннем работ, прадугледжаных артыкулам 38 гэтага Закона;

адчужаць або iншым чынам перадаваць права ўласнасцi на гiсторыка-культурную каштоўнасць без узгаднення з абласным (Мінскім гарадскім) выканаўчым i распарадчым органам у парадку, устаноўленым Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь;

мяняць месца знаходжання (захоўвання), умовы ўтрымання і выкарыстання гісторыка-культурнай каштоўнасці без узгаднення з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь;

вывозіць гісторыка-культурную каштоўнасць за межы Рэспублікі Беларусь на пастаяннае захоўванне;

перадаваць гісторыка-культурную каштоўнасць у валоданне і (або) карыстанне Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь, іншым воінскім фарміраванням.

Артыкул 53. Абавязкi ўласнiка (уладальніка) матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, уладальніка зямельнага ўчастка, на якім размешчаны помнік археалогіі

1. Уласнік (уладальнік) матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, уладальнік зямельнага ўчастка, на якім размешчаны помнік археалогіі, абавязаны ўзяць на сябе абавязкі па забеспячэнню іх захавання шляхам падпісання ахоўных абавязацельстваў, складзеных па форме, устаноўленай Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, у тым ліку:

1.1. забяспечваць захаванасць гісторыка-культурнай каштоўнасці;

1.2. забяспечваць доступ да гісторыка-культурнай каштоўнасці спецыялістам, якія з дазволу Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь маюць права на яе вывучэнне;

1.3. прадастаўляць перыядычна або па дамоўленасці з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь ці адпаведнымі ўстановамі культуры доступ да гісторыка-культурнай каштоўнасці грамадзянам на тэрмін не менш чым шэсць месяцаў на працягу кожных дзесяці гадоў;

1.4. паведамляць у Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь аб акалічнасцях, якія пагражаюць захаванню гісторыка-культурнай каштоўнасці;

1.5. захоўваць у цэласнасці калекцыі і іншыя навукова абгрунтаваныя зборы рухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей;

1.6. забяспечыць устаноўку на нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці ахоўнай дошкі і складанне пашпарта гісторыка-культурнай каштоўнасці.

2. Пры набыццi права ўласнасцi на матэрыяльную гiсторыка-культурную каштоўнасць новы ўласнiк (уладальнiк) гэтай гісторыка-культурнай каштоўнасці або ўладальнік зямельнага ўчастка, на якім размешчаны помнік археалогіі, абавязаны на працягу аднаго месяца падпiсаць ахоўнае абавязацельства. Невыкананне гэтай умовы цягне за сабой прызнанне такой здзелкi несапраўднай.

3. У выпадку надання матэрыяльнаму аб’екту статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці яго ўласнік (уладальнік) або ўладальнік зямельнага ўчастка, на якім размешчаны гэты матэрыяльны аб’ект, абавязаны на працягу аднаго месяца падпісаць ахоўнае абавязацельства. Невыкананне гэтай умовы можа прывесці да прызнання названага аб’екта ва ўстаноўленым парадку гісторыка-культурнай каштоўнасцю, якая ўтрымліваецца безгаспадарна.

4. У выпадку, калі ўласнік (уладальнік) матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці безгаспадарна ўтрымлівае гэту гісторыка-культурную каштоўнасць, што можа прывесці да страты яе адметных духоўных, мастацкiх i (або) дакументальных вартасцей, якія абумовілі наданне ёй статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасці, такая гісторыка-культурная каштоўнасць па рашэнню суда можа быць перададзена ў дзяржаўную ўласнасць у парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 54. Правы фізічных асоб, якія маюць непасрэдныя адносіны да ўзнікнення (стварэння) гісторыка-культурнай каштоўнасці

Калі матэрыяльны аб’ект або нематэрыяльнае праяўленне творчасці чалавека, якія з’яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, па свайму паходжанню ці зместу звязаны з пэўнай фізічнай асобай або яе непасрэднымі продкамі (на працягу не больш чым двух пакаленняў), гэта фізічная асоба мае права абумовіць недаступнасць гісторыка-культурнай каштоўнасці для публічнага агляду (іншага спосабу раскрыцця зместу гісторыка-культурнай каштоўнасці) пры яе жыцці або на іншы тэрмін, які не перавышае гэтага часу.

Артыкул 55. Пераважнае права набыцця гісторыка-культурнай каштоўнасці (яе састаўной часткі)

Пры продажы долі ў агульнай уласнасці на гісторыка-культурную каштоўнасць астатнія ўдзельнікі долевай уласнасці маюць пераважнае права набыцця гэтай долі па цане, за якую яна прадаецца. У выпадку іх адмовы або немагчымасці набыць састаўную частку гісторыка-культурнай каштоўнасці пры яе продажы пераважнае права яе набыцця мае дзяржава.

ГЛАВА 10
ФІНАНСАВАННЕ АХОВЫ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ СПАДЧЫНЫ

Артыкул 56. Фінансаванне аховы гісторыка-культурнай спадчыны

1. Фiнансаванне аховы гiсторыка-культурнай спадчыны ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспублiканскага i мясцовых бюджэтаў, сродкаў уласнiкаў (уладальнiкаў) гiсторыка-культурных каштоўнасцей, уладальнікаў зямельных участкаў, на якіх размешчаны помнікі археалогіі, добраахвотных ахвяраванняў юрыдычных i фiзiчных асоб, у тым лiку iндывiдуальных прадпрымальнiкаў, а таксама iншых крынiц, не забароненых заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

2. Для фінансавання аховы гісторыка-культурнай спадчыны могуць стварацца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, фонды спецыяльнага прызначэння.

Артыкул 57. Фінансаванне некаторых мерапрыемстваў па прадухіленню пагрозы захаванню нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей або зонам іх аховы

За кошт юрыдычных і (або) фізічных асоб, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, зацікаўленых у праектаванні і выкананні земляных, будаўнічых, меліярацыйных і іншых відаў работ, якія могуць стварыць пагрозу захаванню нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей або зонам іх аховы, ажыццяўляюцца мерапрыемствы, прадугледжаныя часткай першай пункта 7 артыкула 32 гэтага Закона.

Артыкул 58. Фінансаванне работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях у межах ахоўных абавязацельстваў

Фінансаванне работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях у межах ахоўных абавязацельстваў ажыццяўляецца за кошт сродкаў уласнікаў і (або) уладальнікаў гэтых гісторыка-культурных каштоўнасцей, а таксама сродкаў рэспубліканскага бюджэту ў выпадку, прадугледжаным падпунктам 1.3 пункта 1 артыкула 51 гэтага Закона, іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

ГЛАВА 11
ЗАКЛЮЧНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

Артыкул 59. Уступленне ў сілу гэтага Закона

Гэты Закон уступае ў сілу праз шэсць месяцаў пасля яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем гэтага артыкула і артыкула 60, якія ўступаюць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона.

Артыкул 60. Прывядзенне актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам

Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у шасцімесячны тэрмін пасля афіцыйнага апублікавання гэтага Закона:

прыняць меры па прывядзенню актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Законам;

прыняць іншыя меры, неабходныя для рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона.

Артыкул 61. Прызнанне некаторых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь страціўшымі сілу

У сувязі з прыняццем гэтага Закона прызнаць страціўшымі сілу:

Закон Рэспублікі Беларусь ад 13 лістапада 1992 года «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» (Ведамасцi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь, 1992 г., № 30, арт. 504);

Закон Рэспублікі Беларусь ад 22 сакавіка 1995 года «Аб унясенні змяненняў і дапаўнення ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» (Ведамасцi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь, 1995 г., № 18, арт. 199);

Закон Рэспублікі Беларусь ад 7 ліпеня 1998 года «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» (Ведамасці Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, 1998 г., № 29–30, арт. 467);

пункт 8 артыкула 2 Закона Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2001 года «О признании утратившими силу законодательных актов и внесении изменений в некоторые законодательные акты Республики Беларусь по вопросам собственности» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2001 г., № 48, 2/759);

артыкул 10 Закона Рэспублікі Беларусь ад 24 ліпеня 2002 года «О внесении изменений и дополнения в некоторые законодательные акты Республики Беларусь в связи с реорганизацией системы республиканских органов государственного управления» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2002 г., № 87, 2/883);

Пастанову Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 13 лістапада 1992 года «Аб увядзенні ў дзеянне Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» (Ведамасцi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь, 1992 г., № 30, арт. 505).

 

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь

А.Лукашэнка

 

Rambler's Top100