Главная / Новости / Новости PRAVO.BY
05.02.2016

У Дзяржаўным камітэце па маёмасці патлумачылі нюансы ажыццяўлення незалежнай ацэнкі жылля і прыватызацыі па найменшым кошце

Кампанія па прыватызацыі жылля ў краіне павінна завяршыцца 1 ліпеня бягучага года. Напрыканцы студзеня ўступіў у сілу указ, паводле якога грамадзяне, нязгодныя з разлічаным камісіяй па прыватызаці коштам, могуць звярнуцца па незалежную ацэнку маёмасці і правесці прыватызацыю па найменшым кошце з магчымых. Старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Андрэй Гаеў для наведвальнікаў Pravo.by патлумачыў, як працуе Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 студзеня 2016 г. № 25 «О внесении изменений в указы Президента Республики Беларусь».

Каб было больш зразумела, возьмем умоўную кватэру, якую грамадзянін мае намер прыватызаваць.

Як было раней

Паводле Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 лістапада 2014 г. № 524 «О приватизации жилых помещений государственного жилищного фонда» незалежная ацэнка рынычнага кошту жылых памяшканняў праводзілася ў тых выпадках, калі падчас прыватызацыі высвятлялася: кошт прыватызацыі кватэры на 30 % ці больш перавышае кошты двух або болей аналагічных жылых памяшканняў тыповых спажывецкіх якасцяў (па годзе ўводу ў эксплуатацыю, тэрытарыяльнай прыналежнасці).

На справе, патлумачыў Андрэй Гаеў, не заўсёды розніца ў коштах адпавядае гэтаму патрабаванню. Да таго ж у асобных выпадках немагчыма знайсці аналагічнае жыллё для параўнання. Прычынай розніцы ў коштах, напрыклад, могуць быць памылкі падчас першаснай пастаноўкі на бухгалтарскі ўлік шмат гадоў таму. Ці выпадак, калі пры будаўніцтве некалькіх будынкаў выдаткі на інжынерныя сеткі былі аднесены на кошт толькі аднаго з іх. У выніку кошт прыватызацыі кватэры ў гэтым доме большы за суседнія.

Як стала зараз

Насамрэч чыннікі падаражэння кошту прыватызаці не такія ўжо і важныя. Галоўнае, што дзякуючы Указу № 25 тыя, хто раней адмаўляўся ад прыватызацыі з-за надта высокага кошту, зараз могуць звярнуцца па незалежную рыначную ацэнку. У тым выпадку, калі рыначны кошт кватэры ніжэйшы за той, што разлічаны камісіяй па прыватызацыі, набыць кватэру можна па больш нізкім кошце.

Пры гэтым выдаткі на правядзенне ацэнкі будуць вылічаныя з канчатковай сумы, якую грамадзяніну належыць заплаціць за прыватызацыю. Прынамсі, можа здарыцца і так, што рэальны рыначны кошт пэўнай кватэры вышэйшы за той, які налічыла камісія па прыватызацыі, папярэджваюць у Дзяржаўным камітэце па маёмасці. За грамадзянінам захоўваецца права правесці прыватызацыю па найменшым ацэначным або рыначным кошце, аднак у такім выпадку выдаткі на незалежную ацэнку вылічвацца з агульнай сумы не будуць.

Калі рашэнне аб прыватызацыі яшчэ не было прынята, дагавор аб аказанні паслуг па правядзенні незалежнай ацэнкі рыначнага кошту павінен быць прадстаўлены ў дзяржаўны орган ці арганізацыю, надзеленыя правам на прыняцце рашэння аб прыватызацыі жылога памяшкання, не пазней за 5 дзён.

Дзеянне Указа № 25 распаўсюджваецца на тыя выпадкі, калі грамадзяне яшчэ не скончылі афармленне дакументаў аб прыватызацыі і не пачалі плаціць за яе ці ўвогуле не распачыналі прыватызацыю.

Дэталі

У асобных выпадках, зазначыў Андрэй Гаеў, грамадзяне сутыкаюцца з дадатковымі выдаткамі. Калі ўласнік жылога дома (арганізацыя, за выключэннем бюджэтнай, у гаспадарчым вядзенні, аператыўным кіраванні або бязвыплатным карыстанні якой знаходзіцца жылое памяшканне) не зрабіў своечасова тэхнічную інвентарызацыю гэтага аб’екта, не падрыхтаваў яго тэхнічныя пашпарты, падчас прыватызацыі кватэры грамадзянін мусіць зрабіць гэта за ўласныя сродкі. Кошт прыватызацыі памяншаецца на такія выдаткі таксама. Аднак уласнік будынка павінен кампенсаваць гэтую суму ў бюджэт, на што адводзіцца год з дня ўнясення грамадзянінам першапачатковага ўзносу.

Таксама тэрмін ажыццяўлення прыватызацыі падаўжаецца на месяц у тых выпадках, калі грамадзянін мае на руках рашэнне выканкама аб прыватызацыі, тэрмін якога не выйшаў (1 год), і не засведчаны натарыяльна дагавор куплі-продажу памяшкання. Напрыклад, рашэнне выканкама аб прыватызацыі прынята ў лютым 2015 года, Указ пачаў дзейнічаць 28 студзеня – да заканчэння тэрміну дзеяння рашэння аб прыватызацыі засталося меней за месяц, таму грамадзянін атрымлівае бонусны месяц на правядзенне незалежнай рыначнай ацэнкі і завяршэнне афармлення неабходных дакументаў.

У іншых выпадках адтэрміноўка не прадугледжана, патлумачыў Андрэй Гаеў, бо да 1 ліпеня застаецца дастаткова часу, каб усе з карыстальнікаў жыллёвага фонду, па сёння не ахопленага прыватызацыяй (менш за 8 %), змаглі здзейсніць намер набыць жыллё ва ўласнасць. Паводле яго словаў, ужо ў першы дзень дзеяння новага ўказа грамадзяне праявілі зацікаўленасць скарыстацца новымі магчымасцямі: «Рэакцыя ўжо пайшла, грамадзяне звяртаюцца ў арганізацыі, якія ажыццяўляюць рыначную ацэнку, каб вызначыць рыначны кошт жылля». Дарэчы, са спісам такіх арганізацый можна пазнаёміцца на афіцыйным сайце Дзяржаўнага камітэта па маёмасці.

Ганна Шылец, Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні матэрыяла спасылка на Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь абавязковая! 

(фота - НЦПІ)

Rambler's Top100