Главная / Новости / Общественно-политические и в области права
29.03.2016

Уладзімір Андрэйчанка – пра вясновую сесію і парламенцкія актуаліі. Праца, памножаная на адказнасць

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА ў інтэрв'ю «Звяздзе» пра вясновую сесію і парламенцкія актуаліі.

— Уладзімір Паўлавіч, на што вы сарыентуеце дэпутатаў ва ўступным слове пры адкрыцці 4 красавіка дзявятай сесіі?

— На актыўную, вельмі напружаную і плённую працу. Тэрмін паўнамоцтваў цяперашняга складу Парламента сёлета заканчваецца, мы прыкладзём максімум намаганняў, каб сесія і ўся наша кадэнцыя завяршыліся рэзультатыўна.

— Колькі законаў мяркуеце прыняць?

— Клапоцімся перш за ўсё пра іх высокую якасць, адпаведнасць задачам сацыяльна-эканамічнага развіцця, бяспекі краіны і патрабаванням Прэзідэнта. У прыкладнай сесійнай тэматыцы цэнтральным пытаннем з'яўляецца абмеркаванне Праграмы дзейнасці Урада Рэспублікі Беларусь на 2016—2020 гады. Асабліва важныя законапраекты — аб зацвярджэнні Ваеннай дактрыны, праект Кодэкса аб культуры, блокі законапраектаў па пытаннях эканамічных адносін, праваахоўнай і судовай дзейнасці, па навацыях у заканадаўстве сацыяльнай сферы, экалогіі і прыродакарыстання, а таксама міжнародныя дакументы. Змест праекта сесійнага парадку дня даволі разнастайны і актуальны.

— Сесія пачне сваю работу на фоне такіх турбулентных міжнародных падзей, як актывізацыя ў свеце тэрарыстычных груповак і міграцыйны крызіс у Еўропе. Ці рэзаніруюць іх наступствы ў нашым беларускім заканадаўстве?

— Рэзаніруюць і, скажу вам, самым сур'ёзным чынам. Пацвярджэнне гэтаму — новая Ваенная дактрына, дзе ўлічаны найноўшыя пагрозы, якія вымагаюць удасканалення ваеннага будаўніцтва і ўмацавання абараназдольнасці нашай краіны, адпаведная карэкціроўка некаторых законаў аб барацьбе з тэрарызмам, па пытаннях вымушанай міграцыі.

Мы працягваем працу па ўдасканаленні дзейнасці праваахоўных органаў і сістэмы папярэджання і прафілактыкі правапарушэнняў, прававога механізма грамадскай бяспекі. На сесіі будуць зроблены новыя крокі па развіцці крымінальнага і адміністрацыйнага заканадаўства, у барацьбе з карупцыяй, процідзеянні незаконнаму абароту наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў.

Усё гэта ў комплексе накіравана на стварэнне дадатковых гарантый бяспекі асобы і грамадства, абароны правоў і свабод грамадзян, а значыць — і нацыянальнай бяспекі. З улікам сучасных выклікаў і пагроз абновіцца даволі шырокі сегмент заканадаўчага поля.

— Правы чалавека доўгі час з'яўляліся тэмай асаблівай прыдзірлівасці Захаду да Беларусі. Кажу «з'яўляліся» з пэўнай надзеяй, што пасля адмены санкцый Еўрасаюза і нядаўняга візіту ў нашу краіну спецыяльнага прадстаўніка ЕС па правах чалавека гэтая асаблівая прыдзірлівасць і сапраўды застанецца ў мінулым. Наколькі такое магчыма, як вы мяркуеце?

— Магчыма настолькі, наколькі замацуецца добрая воля да дыялогу з Беларуссю і канструктыўнага пошуку шляхоў яго паслядоўнага развіцця на аснове прагматызму і здаровага сэнсу. Рэспубліка Беларусь і Нацыянальны сход гатовы весці прадметны дыялог з еўрапейскімі арганізацыямі і парламенцкімі структурамі ва ўсіх фарматах на прынцыпе ўзаемнай павагі і раўнапраўя. Ніякай зацікаўленасці ў канфрантацыі з Еўрасаюзам, Захадам ці з якой-небудзь краінай у нас няма. Гэта неаднаразова падкрэсліваў наш Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. На сустрэчах з еўрапейскімі парламентарыямі, што праходзяць на міжнародных парламенцкіх пляцоўках і ў Палаце прадстаўнікоў, мы выказваем свае погляды, у тым ліку на правы чалавека, не драматызуючы пры гэтым некаторыя адрозненні ў пазіцыях. Існуючыя пытанні трэба вырашаць канструктыўна, без нагнятання эмоцый і страсцей, бо ад развіцця процістаяння ніхто не выйграе. Мяркуючы па пацяпленні адносін Еўрасаюза да Беларусі і адмене абмежавальных мер у дачыненні да нашай краіны, у ЕС над гэтым пачалі задумвацца. Падчас гутаркі ў парламенце са спецпрадстаўніком ЕС па правах чалавека Стаўрасам Ламбрынідзісам я адзначыў, што ёсць добрая магчымасць вывесці нашы стасункі на новы ўзровень.

— З удзелам спецпрадстаўніка Еўрасаюза ў Мінску адбылася міжнародная канферэнцыя «Смяротнае пакаранне: пераадоленне рознагалосся». На ваш погляд, што неабходна для таго, каб рознагалоссе было знята ці хоць бы паменшылася?

— Трэба працягваць інфармацыйную і растлумачальную работу, каб гэтая тэма паступова перастала быць прадметам грамадскіх дыскусій, была зразумелай і яснай кожнаму грамадзяніну, а не толькі юрыстам і актыўнаму палітычнаму асяродку. У чым мне бачыцца сутнасць пытання?

Беларускі народ на сваіх гістарычных скрыжалях перанёс шмат войнаў, варожых навалаў, рознага ліхалецця. Якіх страшэнных пакутаў і велізарнай ахвярнасці запатрабавала Вялікая Айчынная вайна! Таму ў нашай краіне так высока цэняцца мірнае, спакойнае, стабільнае жыццё, законнасць і грамадскі парадак.

Людзі ў абсалютнай большасці законапаслухмяныя, не прымаюць варварства, маральнага дзікунства, агрэсіі і ахлакратыі, лічаць недапушчальным ваяўнічы радыкалізм і экстрэмізм. Ім не ўсё роўна, што адбываецца ў іх дзяржаве, нясуць ці не нясуць жорсткія злачынцы законныя і справядлівыя пакаранні, не проста дзеля адплаты за асабліва цяжкія злачынствы, а дзеля захавання мірнага, бяспечнага жыцця краіны, яго надзейнай абароненасці. Таму, мяркую, не трэба праяўляць нецярплівасці да тэмпаў фарміравання адзінай грамадскай думкі па такім важным для беларускіх грамадзян пытанні. Гэта не з'яўляецца непераадольнай перашкодай для развіцця дыялогу і пашырэння супрацоўніцтва Беларусі і Еўрасаюза па тых праграмах, якія рэалізуюцца, і па новых.

— Калі ўявіць, што Парламенцкая асамблея Савета Еўропы адновіць для Нацыянальнага сходу Беларусі статус спецыяльна запрошанага, то што гэта дасць нашаму парламенту?

— У сваёй дзейнасці, у тым ліку ў міжпарламенцкіх і міжнародных адносінах, мы кіруемся не ўяўленнямі, а палітычнымі і жыццёвымі рэаліямі.

Аднаўленне статусу спецыяльна запрошанага было б разумным крокам ПАСЕ па шляху ўмацавання нашых кантактаў. А кантакты між парламентарыямі, палітыкамі, як і ўвогуле між людзьмі, маюць вялікае, я сказаў бы, вырашальнае значэнне для паразумення па складаных пытаннях. Узаемаадносіны напрамую — самы лепшы шлях да ўзаемнага даверу, што вельмі важна для зацікаўленага і паважлівага дыялогу па актуальным парадку дня. Думаю, гэта было б карысна абодвум бакам — і Нацыянальнаму сходу Беларусі, і ПАСЕ.

— Міжнародная дзейнасць Палаты прадстаўнікоў у апошнія гады прыкметна актывізавалася. Толькі за гэты міжсесійны перыяд, наколькі я ў курсе, з удзелам дэпутатаў адбылося каля 20 міжнародных мерапрыемстваў у розных фарматах. Нядаўна беларуская парламенцкая дэлегацыя, якую вы ўзначальвалі, пабывала з афіцыйным візітам у Тайландзе. Якія ёсць магчымасці супрацоўніцтва з гэтай краінай?

— Яны даволі значныя. Каралеўства Тайланд уваходзіць у АСЕАН, і яе рынак дазваляе пашыраць наш экспарт у Паўднёва-Усходняй Азіі. Асабліва перспектыўныя сферы дзелавога партнёрства — гандаль, прамысловасць, сельская гаспадарка, навука, тэхніка, адукацыя і культура. Пра гэта мы гаварылі на перамовах з прэм'ер-міністрам Тайланда і Старшынёй Нацыянальнага заканадаўчага сходу, на сустрэчах са старшынямі гандлёвай палаты, федэрацыі прамысловых прадпрыемстваў, асацыяцыі вытворцаў замарожаных харчовых тавараў Тайланда і на першым беларуска-тайландскім бізнес-форуме, праведзеным у Бангкоку. З абодвух бакоў выказаны канкрэтныя прапановы па далейшым развіцці ўзаемадзеяння з акцэнтам на яго практычных выніках. Мы абмеркавалі пытанні фарміравання дагаворна-прававой базы, развіцця прамысловай кааперацыі, навукова-тэхнічнага ўзаемадзеяння і іншыя. Своеасаблівай дарожнай картай міжпарламенцкага супрацоўніцтва стане Пагадненне, якое падпісана мною і Старшынёй Нацыянальнага заканадаўчага сходу Тайланда. Яно дапаможа наладжванню трывалых міжпарламенцкіх кантактаў як на двухбаковым узроўні, так і на міжнародных парламенцкіх пляцоўках.

— Некалькімі словамі, чым вас найбольш уразіла паездка ў Тайланд?

— Дружалюбным, добразычлівым стаўленнем да Беларусі ўсіх, з кім мы сустракаліся і гутарылі. Тут ведаюць, што наш Прэзідэнт выступае за маштабнае супрацоўніцтва з Тайландам, цэняць беларускую прадукцыю і зацікаўлены ў развіцці сур'ёзнага рознабаковага партнёрства з нашай краінай.

— Уладзімір Паўлавіч, вы з'яўляецеся першым намеснікам Старшыні Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі. Парламенцкі Сход сёлета юбіляр — яму споўніцца 20 гадоў. На вашу думку, што самае адметнае за гэты перыяд у саюзным будаўніцтве?

— У параўнанні з пачаткам збліжэння дзвюх краін інтэграцыя выйшла на якасна больш высокі віток, што праяўляецца ў паэтапным нарошчванні супрацоўніцтва ва ўсіх сферах, асабліва ў эканоміцы, сацыяльнай палітыцы, абароне, бяспецы, праваахоўнай дзейнасці, навуцы і ў рэгіянальным узаемадзеянні. Яно развіваецца на шырокай дагаворна-прававой базе, прыносіць абедзвюм краінам выгаду і практычную карысць беларусам і расіянам. Прычым у працэсе ажыццяўлення саюзнага праекта суверэнітэт і незалежнасць Беларусі і Расіі не змяншаюцца, не знікаюць, а атрымліваюць новыя магчымасці ўмацавання і развіцця. У гэтым унікальнасць ствараемай на аснове раўнапраўя Саюзнай дзяржавы як эфектыўнага міждзяржаўнага аб'яднання. Яго вопыт паказаў, у чым нашы краіны могуць арганічна дапаўняць адна адну, аб'ядноўваючы свае матэрыяльныя і інтэлектуальныя рэсурсы, і што можа быць інтэграцыйным прыкладам для іншых краін еўразійскай прасторы.

— Як вы ацэньваеце ролю Парламенцкага Сходу?

— Парламенцкі Сход з'яўляецца пляцоўкай, на якой беларускія і расійскія парламентарыі зацікаўлена абмяркоўваюць найбольш важныя інтэграцыйныя пытанні, дыскутуюць і прымаюць узгодненыя рашэнні, у тым ліку па саюзным бюджэце, саюзных праграмах і мерапрыемствах, міжнароднай дзейнасці. Хоць склад Парламенцкага Сходу перыядычна абнаўляецца, усе дэпутаты актыўныя прыхільнікі інтэграцыі і праводзяць вялікую работу, накіраваную на паглыбленне супрацоўніцтва нашых краін. А яно асабліва неабходна ва ўмовах разнастайных сучасных выклікаў і імклівых перамен на сусветнай арэне.

— Не за гарамі выбары ў Палату прадстаўнікоў шостага склікання. Аб падрыхтоўцы да іх ужо заявілі шэраг партый і грамадскіх арганізацый. Якой вам бачыцца маючая адбыцца выбарчая кампанія?

— Хацелася б, каб яна прайшла цывілізавана, дэмакратычна, у адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам. Каб будучыя суіскальнікі дэпутацкіх мандатаў ясна ўсведамлялі, дзеля чаго яны імкнуцца ў парламент, што могуць зрабіць для людзей і краіны, разумелі канстытуцыйную сутнасць парламентарызму, мелі адпаведную падрыхтаванасць да заканатворчай і прадстаўнічай работы, бо толькі працаздольны, настойлівы, актыўны і адказны парламент можа эфектыўна працаваць у інтарэсах простага чалавека, грамадства і дзяржавы.

— Выбарчая кампанія не ўнясе дысанансу ў завяршальны этап дзейнасці цяперашніх дэпутатаў?

— Не ўнясе. У нас яшчэ многа адказных спраў, і мы будзем імі рупліва, належным чынам займацца.

Аляксандр ФІЛІМОНАЎ, «Звязда» ад 29 сакавiка 2016 г.

Rambler's Top100